Такую задачу ён паставіў 27 сакавіка, прымаючы з дакладамі губернатараў гэтых рэгіёнаў Канстанціна Сумара і Пятра Рудніка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго цікавіць стан спраў у гэтых абласцях і меры, якія прымаюцца па выкананні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Прэзідэнт звярнуў увагу на шэраг момантаў, якія выклікаюць яго насцярожанасць.
Па-першае, па выніках сацыялагічных даследаванняў дзве гэтыя вобласці, і Брэсцкая, і Магілёўская, па ўзроўні даверу мясцовым органам улады знаходзяцца на апошніх месцах, гэта значыць тут самы нізкі ўзровень даверу.
Па-другое, у гэтых рэгіёнах на сённяшні дзень самы высокі па краіне ўзровень вымушанай няпоўнай занятасці.
Па-трэцяе, практычна ў кожным раёне парушаліся тэрміны выплаты заработнай платы.
"На гэтым фоне назіраецца істотнае пагаршэнне сацыяльна-псіхалагічнай сітуацыі ў працоўных калектывах", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, у рэгіёнаў самыя нізкія ў краіне тэмпы развіцця. "Больш таго, Брэстчына па валавым рэгіянальным прадукце не змагла дасягнуць нават мінулагодняга ўзроўню".
Рэгіёны ў ліку адстаючых і па якасных параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця.
"Прашу адказаць на гэтыя пытанні. Нельга забываць, што названыя праблемы, а таксама іншыя, якія існуюць у абласцях, павінны быць вырашаны", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да губернатараў.
Прэзідэнт зноў нагадаў аб парламенцкіх выбарах. "Гэта, вы разумееце, экзамен для ўлады, і яго давядзецца трымаць па поўнай. На каго-небудзь спіхнуць адказнасць не атрымаецца. Закон і Канстытуцыя гэтага не дазваляюць", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Звязда, 28 сакавіка 2012