Прыняцце рашэння па ім магчыма "толькі з улікам меркавання беларускага грамадства", гаворыцца ў сумесным прэс-рэлізе камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД і камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Такім чынам беларускія дэпутаты адрэагавалі на рэзалюцыю Еўрапарламента ў дачыненні да Беларусі, прынятую 16 лютага ў Страсбургу. Рэзалюцыя асуджае смяротныя прыгаворы, вынесеныя абвінавачаным у тэрарызме Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, а таксама заклікае ўлады Беларусі аб`явіць мараторый на смяротную кару.
"Рэзалюцыя Еўрапарламента аб смяротнай кары ў Беларусі з`яўляецца працягам практыкі аказання націску на беларускія ўлады і ўмяшання ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы. Пры гэтым складваецца ўражанне, што праўдзівасць фактаў і абгрунтаванасць высноў усё менш турбуе еўрапарламентарыяў", — сказана ў прэс-рэлізе дзвюх камісій ніжняй палаты беларускага парламента.
Дэпутаты зазначаюць: "на падставе звестак нейкіх няўрадавых арганізацый Еўрапарламент безапеляцыйна прызнае рашэнне" Вярхоўнага суда па справе Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва несправядлівым. "І гэта пры тым, што разгляд згаданай справы вёўся ў максімальна адкрытым фармаце, у тым ліку і для сродкаў масавай інфармацыі. Спасылаючыся на ананімных назіральнікаў за судовым працэсам, аўтары рэзалюцыі робяць выснову аб нібыта сур`ёзных працэдурных парушэннях падчас следства і судовага разбору", — сказана ў рэлізе.
Характэрным момантам якасці рэзалюцыі, на думку беларускіх дэпутатаў, з`яўляецца і той факт, што ў яе тэксце, размешчаным на афіцыйным сайце Еўрапарламента, Беларусь называецца "Беларускай Федэрацыяй".
У прэс-рэлізе падкрэслена, што "нормамі міжнароднага права (артыкул 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах) дапускаецца прымяненне смяротнай кары за самыя цяжкія злачынствы на падставе прыгавораў судоў, за выключэннем яе прымянення да непаўналетніх і цяжарных жанчын".
"Рэспубліка Беларусь няўхільна выконвае свае міжнародныя абавязацельствы, і ў гэтым пытанні наша заканадаўства пайшло яшчэ далей. К адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь смяротная кара магчымая толькі за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека, прычым пры абцяжарваючых акалічнасцях, і забаронена зусім у дачыненні да ўсіх без выключэння жанчын, непаўналетніх і мужчын, якім больш за 65 гадоў", — заяўляюць парламентарыі.
У Палаце прадстаўнікоў таксама падкрэсліваюць, што прымяненне судамі Беларусі смяротнай кары "на практыцы фактычна зведзена да адзінкавых, выключных выпадкаў з улікам ацэнкі усяго цяжару акалічнасцяў учынення злачынства".
Раней сваё меркаванне наконт рэзалюцыі Еўрапарламента выказала беларускае МЗС. "Еўрапарламент дэ-факта становіцца на бок тэрарыстаў, некампетэнтна падвяргаючы сумненню высновы, вывады і рашэнні беларускага суда па справе аб тэрактах. Еўрапарламент таксама, што не робіць яму гонару, груба ўмешваецца ў ажыццяўленне правасуддзя ў суверэннай дзяржаве", — гаварылася ў заяве МЗС ад 17 лютага.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 24 лютага 2012