https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Адміністрацыя прэзідэнта адказала на зварот маці прыгаворнага да смерці Кавалёва


У Адміністрацыі прэзідэнта лічаць мэтазгодным правядзенне прававога аналізу заканадаўства па звароце маці прыгаворанага да смяротнай кары Уладзіслава Кавалёва.
Як раней паведамлялася, 1 лютага Любоў Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд (КС) Беларусі з просьбай разгледзець на адпаведнасць Канстытуцыі Крымінальна-выканаўчы кодэкс, які не прадугледжвае прыпыненне смяротнай кары ў сувязі са зваротам асуджанага ў міжнародныя інстанцыі ў мэтах абароны сваіх правоў.

У сувязі з гэтым Кавалёва апасаецца, што прыгавор у дачыненні да яе сына, абвінавачанага па справе аб тэракце ў мінскім метро, можа быць прыведзены ў выкананне да канчатковага разгляду ў Камітэце ААН па правах чалавека, куды звярнуліся яна і яе дачка.

У КС жанчыне адказалі, што права на зварот у Канстытуцыйны суд маюць толькі спецыяльна ўпаўнаважаныя Канстытуцыяй органы.

6 лютага Кавалёва разаслала лісты ў арганізацыі, якія маюць па законе права звяртацца ў КС, — Савет міністраў, абедзве палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд і прэзідэнту. Яна прасіла іх накіраваць у КС заключэнне аб неадпаведнасці названага кодэкса Канстытуцыі краіны і факультатыўнаму пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Адказ паступіў пакуль толькі з аддзела па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта — 18 лютага. У ім сказана, што па прапанове Кавалёвай "мэтазгодны комплексны прававы аналіз заканадаўства з удзелам кампетэнтных дзяржаўных органаў", паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, які кансультуе Кавалёву па прававых пытаннях.

Нагадаем, смяротны прыгавор Уладзіславу Кавалёву быў вынесены 30 лістапада 2011 года Вярхоўным судом. 7 снежня асуджаны падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Маці і сястра Кавалёва накіравалі ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу аб парушэнні права на жыццё. У ёй ўказвалася на парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разгляду. Скарга была афіцыйна зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека 15 снежня. Камітэт ААН, у сваю чаргу, звярнуўся да ўлад Беларусі з просьбай не прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор Кавалёву, пакуль скарга не будзе разгледжана па сутнасці.

16 лютага Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Аляксандра Лукашэнку памілаваць Уладзіслава Кавалёва і другога фігуранта крымінальнай справы Дзмітрыя Канавалава, які, паводле афіцыйнай інфармацыі, з прашэннем аб памілаванні да прэзідэнта не звяртаўся. Еўрадэпутаты таксама заклікалі ўлады Беларусі аб`явіць мараторый на смяротную кару.

17 лютага МЗС Беларусі выказаў абурэнне пазіцыяй Еўрапарламента. "Рэзалюцыя Еўрапарламента аб прымяненні смяротнай кары ў Беларусі выклікае проста абурэнне: Еўрапарламент дэ-факта становіцца на бок тэрарыстаў, некампетэнтна падвяргаючы сумненню высновы, следствы і рашэнні беларускага суда па справе аб тэрактах. Еўрапарламент таксама, што не робіць яму гонару, груба ўмешваецца ў ажыццяўленне правасуддзя ў суверэннай дзяржаве", — заявіў МЗС.

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротная кара.

Ларыса Шыганава, БелаПАН
Мінск, 19 лютага 2012
 
Дата публикации:19.02.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2984
 
Ключевые слова:
Теракт в минском метро Смертная казнь Владислав Ковалёв
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме