Перад ваеннаслужачымі брыгады выступіў намеснік міністра абароны Беларусі па ўзбраенні генерал-маёр Іван Дырман, які адзначыў, што "Тор-М2" вылучаецца высокай манеўранасцю, мабільнасцю, аўтаматызацыяй баявой работы, эфектыўнасцю стральбы па шырокім класе цэляў. Намеснік міністра абароны адзначыў: "Пераўзбраенне 120-ай зенітна-ракетнай брыгады з`яўляецца яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва Беларусі з Расійскай Федэрацыяй".
На мерапрыемстве прысутнічалі і прадстаўнікі ад Расійскай Федэрацыі.
Невялікае інтэрв`ю ўзяў у дырэктара канструктарскага бюро ААТ "Іжэўскі электрамеханічны завод "Купал" Вячаслава Карташова.
— Зенітна-ракетны комплекс "Тор-М2" выглядае даволі эфектна. Але няўжо ён лепшы ў свеце?
— У сваім класе — так. Выпрабаванні праводзіліся ў прысутнасці 16 прадстаўнікоў розных краін, і эфектыўнасць комплексу іх уразіла. У 2009 годзе мы ўпершыню паказалі стральбу 4 ракетамі адначасова. Ніхто аналагічнага ўзбраення не мае.
— Узбраенне складанае, а колькі часу неабходна, каб разлік быў з комплексам на "ты"?
— Паўгода, узбраенне сапраўды складанае і патрабуе ад разліку адпаведнай падрыхтоўкі.
— Якая сітуацыя на вашым заводзе? Расійскі ваенна-прамысловы комплекс стаў больш моцным?
— Выжываем.
Дадам, што асабовы склад брыгады прайшоў вучобу і перападрыхтоўку ў Расіі.
Задаў пытанне і камандуючаму Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання генерал-маёру Дзмітрыю Пахмелкіну.
— Дзмітрый Пятровіч, батарэя ЗРК "Тор-М2" так і будзе знаходзіцца ў цэнтры Баранавічаў?
— Сёння, можна сказаць, урачысты момант, а ўжо ў студзені часць будзе знаходзіцца ў раёне інтэнсіўных палётаў авіяцыі.
Супрацоўніцтва паміж міністэрствамі абароны Беларусі і Расіі ажыццяўляецца на ўзаемавыгаднай партнёрскай аснове і ўключае ў сябе сумесную дзейнасць па захаванні і развіцці кааперацыі абаронна-прамысловых комплексаў суверэнных дзяржаў.
Дарэчы, высокая манеўранасць ЗРК "Тор-М2" забяспечваецца комплексам колавага шасі Мінскага завода калёсных цягачоў.
Супрацоўніцтва будзе працягвацца.
Сымон Свістуновіч
Звязда, 29 снежня 2011