Гэтую маленькую птушачку заслужана называюць уладаром нябёсаў, бо большую частку жыцця яна праводзіць менавіта ў паветры. Стрыжы лічацца, бадай, лепшымі летунамі ў свеце. Спецыялісты падлічылі, што стрыж можа часам развіваць хуткасць каля 112 км.
Чорны стрыж мае цёмна-буры колер са светлым горлачкам, вельмі доўгія серпападобныя крылы і кароткія лапкі. Ён крыху большы за ластаўку, але зусім не можа рухацца пехатой па роўнай паверхні. Роднае асяроддзе стрыжоў — паветра, бо яны нават здольныя спаць у палёце.
У Беларусі чорныя стрыжы амаль заўсёды жывуць побач з людзьмі ў гарадах і вёсках. У гарадах стрыжы ўпэўнена займаюць сваю экалагічную нішу, бо харчуюцца выключна насякомымі, якія лятаюць. Гняздуюцца стрыжы звычайна ў шчылінах вышынных будынкаў, аднак часам узнікаюць праблемы ў суіснаванні птушак з людзьмі, калі падчас рамонту і рэканструкцыі дамоў такія птушыныя "хрушчоўкі" знікаюць. Таму цяпер усё часцей беларускія арнітолагі пачалі вырабляць штучныя "інтэрнаты" для стрыжоў.
Голасам стрыжоў з`яўляецца даволі моцны свіст або, хутчэй, пранізлівы віск. Калі гэтыя птушкі невялікімі чародкамі ляцяць дамоў, то заўсёды вішчаць і пішчаць.
Эксперты АПБ падлічылі, што ў Беларусі летам налічваецца прыкладна 140—160 тысяч пар чорных стрыжоў. Налета кіраўніцтва АПБ плануе арганізаваць разнастайныя ўлікі і спецыяльныя назіранні за стрыжамі. Ужо цяпер дзейнічае акцыя, калі ўсе аматары прыроды могуць паслухаць голас стрыжа нават зімой. Дзеля гэтага трэба адправіць кароткі нумар 0841, і да вас прыйдзе бясплатная спасылка на рэалтон з гукамі цёплага лета — галасамі стрыжоў.
Сяргей Куркач
Звязда, 24 снежня 2011
24 снежня 2011