Паводле яе слоў, напярэдадні, 26 снежня, да апошняга моманту не было вядома, ці адпусцяць Бяляцкага на пахаванне бацькі. "Супрацоўнікі дэпартамента выканання пакаранняў узмоцнена сазвоньваліся з міліцыяй, але не гаварылі нічога канкрэтнага. Адказу на тое, ці будзе прысутнічаць Бяляцкі на пахаванні, не было", — адзначыла Пінчук.
Аднак, прыехаўшы 27 снежня ў 8 гадзін раніцы забіраць цела бацькі Бяляцкага з морга, жонка асуджанага праваабаронцы ўбачыла там шмат людзей у цывільным з рацыямі і міліцэйскія машыны. "Я зразумела, што майго мужа прывезлі ў морг", — сказала Пінчук. Тэрыторыя морга на Далгінаўскім тракце была ачэплена, і пабочных асоб на развітанне не дапусцілі, у прыватнасці праваабаронца Валянціна Стэфановіча. У морг маглі прайсці толькі блізкія сваякі.
Алесю Бяляцкаму дазволілі пабыць каля цела бацькі каля 10 хвілін. Ён памаліўся каля труны. "Прыкладна 15 хвілін мы размаўлялі з мужам пад пільным наглядам ахоўнікаў. У асноўным Алеся цікавілі апошнія моманты жыцця бацькі, паколькі пра яго смерць ён даведаўся толькі раніцай 27 снежня", — адзначыла Наталля.
Адразу пасля развітання Алесь Бяляцкі быў адканваіраваны ў следчы ізалятар у Жодзіна, а ахова з тэрыторыі морга знята.
Віктар Усціновіч Бяляцкі памёр 24 снежня на 84-м годзе жыцця. Яго пахаванне пройдзе 27 снежня ў Светлагорску (Гомельская вобласць).
Раней праваабаронцу Алесю Бяляцкаму неаднаразова адмаўлялі ў развітанні з бацькам. 26 снежня жонка праваабаронцы атрымала пісьмовую адмову ў дэпартаменце выканання пакаранняў МУС. Вусная адмова таксама была атрымана ў пракуратуры, паведаміла Наталля Пінчук БелаПАН.
У абодвух ведамствах спаслаліся на тое, што заканадаўствам не прадугледжана магчымасць такога спаткання для асоб, у дачыненні да якіх прыгавор яшчэ не набыў законную моц.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Мінск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў рамках двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе. Потым польскія і літоўскія ўлады выказалі прабачэнні Бяляцкаму і яго сям`і.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 27 снежня 2011