Паводле слоў Севярынца, ён, будучы ў папраўчай установе ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, абмяркоўваў тэму выбараў з многімі людзьмі, "пачынаючы ад механізатараў і заканчваючы супрацоўнікамі міліцыі". "Людзі не бачаць ніякага сэнсу ў тым, каб браць удзел у выбарах па сцэнарыі Ярмошынай (кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына. — БелаПАН.). Большасць беларусаў на гэтак званыя выбары не пойдуць", — упэўнены палітык.
Севярынец прапанаваў з`езду прыняць палітычнае рашэнне аб фармаце ўдзелу ў гэтых выбарах. "Удзел у выбарах, — мяркуе ён, — магчымы толькі пры выкананні трох умоў: вызваленне палітзняволеных; унясенне змяненняў у выбарчае заканадаўства для таго, каб выбары прайшлі сапраўды дэмакратычна; допуск назіральнікаў да падліку галасоў. Між тым мы разумеем, шанц на выкананне гэтых умоў блізкі да нуля. Таму я заклікаю партыю рыхтавацца да актыўнага байкоту маючых адбыцца выбараў".
Як зазначыў Севярынец, актыўны байкот можа праяўляцца ў падрыхтоўцы назіральнікаў за выбарамі. "З дапамогай нашых назіральнікаў мы ўбачым, наколькі мала беларусаў прыйшлі на шоу Ярмошынай. Мы павінны зафіксаваць усе парушэнні на выбарах 2012 года, і тады беларускі народ убачыць, што ён не прымае гэту ўладу. Улада будзе адарваная ад народа", — сказаў палітык.
Севярынец таксама заклікаў дэлегатаў з`езда ўсяляк падтрымліваць тых палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца ў турмах, пісаць ім лісты і паштоўкі. "Па тым, як мы падтрымлівае сваіх паплечнікаў, беларускі народ будзе ацэньваць, што за партыя — БХД. Нашым дэвізам зараз павінен стаць выраз "адзін за ўсіх — усе за аднаго", — мяркуе сустаршыня аргкамітэта БХД.
16 мая гэтага года Павел Севярынец, які на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты ад аргкамітэта БХД Віталя Рымашэўскага, быў прыгавораны судом Заводскага раёна Мінска да трох гадоў абмежавання волі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
У лістападзе, калі Севярынец адбыў трэць тэрміну пакарання, яму па прычыне таго, што ў яго не было спагнанняў, па законе маглі замяніць рэжым адбывання пакарання. Больш за тое, 27 кастрычніка атэстацыйная камісія прызнала, што Севярынец "стаў на шлях выпраўлення" — гэта значыць, пакаранне яму магло стаць больш мяккім: замест знаходжання ва ўстанове адкрытага тыпу — адбыванне пакарання па месцы жыхарства. Аднак кіраўніцтва спецкамендатуры, дзе адбывае пакаранне палітык, адмовіла яму ў замене рэжыму пакарання.
На думку Севярынца, гэта звязана з тым, што ён адмаўляецца прызнаць сваю віну ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. "Як мне сказалі ў нефармальнай гутарцы, "вы ўзялі гэты крыж — дык і нясіце яго", — паведаміў Севярынец БелаПАН.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 17 снежня 2011