"Мне яшчэ давядзецца, хачу я гэтага ці не — як і ў Расійскай Федэрацыі, апошняе слова ў гэтай сітуацыі, калі суд вынесе такое рашэнне аб смяротным пакаранні гэтых людзей, хачу я гэтага ці не, гэтак жа, як і ў вас, — я павінен буду падпісаць указ, памілаваць або не памілаваць", — заявіў Лукашэнка, каментуючы паводле просьбы журналіста Сяргея Брылёва прапанову пракурора прыгаварыць да смяротнай кары Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
"Усё наша грамадства перажыло такі шок, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Гэта недаравальна, і я як прэзідэнт лічу, што павінна быць самае жорсткае пакаранне за такія дзеянні. Што падштурхнула цябе? Якая матывацыя? Каб пацешыцца і паглядзець, як будуць гінуць людзі? Як кроў будзе ліцца? За гэта трэба адказваць па поўнай праграме".
На рэмарку Брылёва: "Магчыма, якраз адказам на гэта варварства было б тое, каб не адказваць смерцю на смерць, а хай сядзяць усё жыццё ў турме?" — Лукашэнка заявіў: "Магчыма, і так. Вы маеце права на такі пункт гледжання".
Прысуд па справе Канавалава і Кавалёва будзе аб`яўлены 30 лістапада.
Канавалаў абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных чч. 1, 2, 3 арт. 289 (тэрарызм), чч. 2, 3 арт. 295 (незаконны абарот зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў), чч. 2, 3 арт. 339 (злоснае і асабліва злоснае хуліганства), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 339 (замах на злоснае хуліганства), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне маёмасці) Крымінальнага кодэкса.
Кавалёў абвінавачваецца на падставе ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 (саўдзел у акце тэрарызму), ч. 3 арт. 295, чч. 2, 3 арт. 339, ч. 2 арт. 218, ч. 2 арт. 405 (укрывальніцтва злачынстваў), чч. 1, 2 арт. 406 (неданясенне пра злачынства) КК.
У выніку выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая" 11 красавіка загінулі 15 чалавек, цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжакасці атрымалі 387 чалавек.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 20 лістапада 2011