Наступная выбарчая кампанія абмяркоўвалася сёння на сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай.
"Мы падыходзім яшчэ да аднаго перыяду, які ўзрушае асаблівую частку нашага грамадства: менш за год засталося да парламенцкіх выбараў, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы ўжо думалі, што мінулая выбарчая кампанія (прэзідэнцкія выбары 2010 года. — БелаПАН.) будзе пікам напружання ў краіне, але думаю, мы глыбока памыляліся".
"Я аналізую ўсе сегменты выказвання грамадскай думкі і бачу, што ўжо сёння пачынаюць нагнятаць сітуацыю ў нашым грамадстве і, натуральна, выкарыстоўваючы нейкія праблемныя моманты: фінансавае становішча, эканоміку і г.д.", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў пра недапушчальнасць змянення выбарчага заканадаўства. "Я б не стаў разглядаць варыянты, як ад нас сёння некаторыя патрабуюць, ломкі выбарчага заканадаўства. Гэта абсалютна непрымальна напярэдадні палітычнай кампаніі", — падкрэсліў Лукашэнка.
Як адзначалася на сустрэчы, у апошнія гады было зроблена вельмі шмат у плане ўдасканалення выбарчага заканадаўства. Гэта асабліва датычыць тых патрабаванняў, якія выстаўлялі Беларусі некаторыя міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці АБСЕ, сказала Ярмошына. Пры гэтым, падкрэсліла яна, шэраг зменаў некалькі ўскладніў працу выбарчых камісій на месцах.
Цяпер, падкрэсліла кіраўнік ЦВК, самае галоўнае — правапрымяняльная практыка, якая павінна адпавядаць выбарчаму заканадаўству, і адказнасць усіх удзельнікаў выбарчага працэсу.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 18 кастрычніка 2011