Як паведаміў Івашкевіч, у Генпракуратуры яны знаходзіліся каля дзвюх гадзін, з 11.00 да 13.00. Сустаршыні аргкамітэта растлумачылі, што праводзяць акцыю ў адпаведнасці з заканадаўствам аб мясцовых сходах, а таксама паказалі подпісы, сабраныя ў жыхароў аднаго з дамоў Мінска ў падтрымку правядзення гэтага мерапрыемства.
"Нам у пракуратуры паведамілі, што ў заканадаўстве недакладна размежаваны палажэнні аб правядзенні масавых мерапрыемстваў і мясцовых сходаў. У адказ мы параілі Генпракуратуры звярнуцца ў Палату прадстаўнікоў, каб тая дала адпаведныя тлумачэнні", — паведаміў Івашкевіч.
Палітык таксама пацікавіўся ў пракуратуры, ці будуць арганізатараў сходу арыштоўваць. "Нам сказалі, што рабіць гэта не маюць намеру, таму што яны настроены на дыялог. Са свайго боку мы выказалі зацікаўленасць, каб людзі мірна сабраліся і абмеркавалі актуальныя праблемы", — паведаміў Івашкевіч.
Паводле яго слоў, папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, вынесенае ім з Фядынічам, як не пагаршае, так і не паляпшае становішча арганізатараў Народнага сходу. "Папера носіць азнаямленчы характар, мы і не збіраліся парушаць закон", — падкрэсліў Івашкевіч.
У аргкамітэт Народнага сходу ўваходзяць прыкладна 20 чалавек. 5 кастрычніка Фядыніч і Івашкевіч правялі прэс-канферэнцыю, на якой заявілі: народныя сходы, якія плануюцца 8 кастрычніка больш чым у 25 гарадах краіны, пройдуць у любым выпадку, таму што праца ўсіх ініцыятыўных груп поўнасцю адпавядае закону аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.
У Мінску Народны сход плануецца на плошчы Бангалор, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў афіцыйна дазволена. Арганізатары акцыі не сталі падаваць заяўку на правядзенне сходу, таму што, згодна з законам, выбраны фармат мерапрыемства гэтага не патрабуе. На Народным сходзе плануецца абмеркаваць актуальныя эканамічныя і сацыяльна-палітычныя праблемы краіны, а таксама выбраць прадстаўнікоў, якія перададуць патрабаванні ўдзельнікаў сходу ўладам.
На сход у Мінску запрошаны замежныя дыпламаты і прадстаўнікі ўлады, у тым ліку кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.
Варта зазначыць, што 3 кастрычніка, у першы ж дзень працы асенняй сесіі парламента, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаннях прыняла папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах. Законапраект быў прыняты на вячэрнім пасяджэнні пры адсутнасці журналістаў.
На прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз паведаміў, што, згодна з новым законам, арганізацыя збору грамадзян, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэта, лічыцца пікетам, які павінен быць санкцыянаваны ўладамі. Да атрымання дазволу на мерапрыемстве распаўсюджваць інфармацыю аб месцы і часе яго правядзення нельга.
Сёння ў 15.30 у Генпракуратуры адбудзецца брыфінг па пытанні правядзення апазіцыйнай акцыі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 6 кастрычніка 2011