Кіраўнік дзяржавы сцвярджае, што пра акцыю аўтамабілістаў "Стоп-бензін" на праспекце Незалежнасці ён даведаўся праз некалькі дзён пасля таго, як прыняў рашэнне аб паніжэнні цэн на паліва. (Акцыя прайшла 7 чэрвеня. З 9 чэрвеня па распараджэнні Лукашэнкі былі зніжаныя цэны на паліва.)
"Так, я прачытаў інфармацыю аб тым, што дзесьці хтосьці штосьці заблакаваў, але неяк нават увагі на гэта не звярнуў, таму што іншай інфармацыі хапала, больш сур`ёзнай і важнай, — заявіў Лукашэнка. — Калі мяне пра гэта праінфармавалі, то я запомніў гэтую сітуацыю і задаў міністру ўнутраных спраў пытанне: што там за акцыя была, што на некалькі гадзін прыйшлося па іншых маршрутах пускаць аўтамабілі? Ён мне пачаў расказваць. Я яму кажу: яшчэ такая акцыя — і ты без пагон. Вось уся мая рэакцыя была на гэтую акцыю".
Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што ён не супраць "нейкіх акцый", але — у дазволеных Мінгарвыканкамам месцах. "Мінгарвыканкам вызначыў, і ўсе азнаёмленыя згадзіліся. Там — калі ласка: на аўтамабілях, на павозках, на конях, на сабаках, што заўгодна ў межах прыстойнага праводзьце. Але калі ты блакуеш праспект Незалежнасці, палітычны праспект, і перашкаджаеш іншым людзям, на гэта трэба рэагаваць жорстка. Таму ў гэтым плане я папракнуў міністра ўнутраных спраў за някемлівасць і папярэдзіў, каб падобныя рэчы спыняліся імгненна", — заявіў Лукашэнка.
"Або там тыя, хто мыкае і тупае на Кастрычніцкай плошчы, — прадоўжыў ён, маючы на ўвазе акцыю маўклівай салідарнасці "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі". — Але ў нас забароненыя, акрамя дзяржаўных, сходы і мерапрыемствы на плошчах Незалежнасці, Кастрычніцкай, плошчы Перамогі. Але калі забароненыя, чаму вы ідзяце на парушэнне? Калі вы хочаце выказаць сваё меркаванне, я вас пачую і на Бангалоры, і каля Нацыянальнай бібліятэкі, і яшчэ ў нейкім месцы. Я вас пачую, але толькі не трэба сябе ставіць у супрацьлегласць закону і ўладзе. Паставіце — адпаведная будзе рэакцыя".
Паводле слоў Лукашэнкі, асноўны тыпаж удзельнікаў падобных акцый — гэта "чалавек 16-17 гадоў, цыгарэта ў зубах і, як бервяно, пад левай рукой дзяўчына нейкая, таксама з цыгарэтай".
"Сумна, што ў нас ёсць частка такой моладзі. Няхай 80 іх чалавек, няхай 400, няхай 500, але гэтыя ж людзі не разумеюць, — сказаў Лукашэнка. — Вы паглядзіце за гэтыя заклікі: "Прыйдзі на плошчу і стань героем!". На каго гэтыя лозунгі разлічаныя? На людзей, якія не сябруюць, даруйце, з мазгамі і яшчэ ў жыцці нічога не бачылі і не разумеюць. Вось гэтую масу збіраюць, як гэта было ў Егіпце і іншых краінах. А потым, калі іх будуць дзясяткі тысяч, прыйдуць верхаводы і павядуць".
Дзяржава будзе ўмешвацца і рэгуляваць сітуацыю, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Вось так пачынае раскалыхвацца краіна. І гэта аснова таго, што на заклік "Стань героем!" з`явяцца такія героі, якія ў метро ўчынілі тэрарыстычны акт", — лічыць Лукашэнка.
Што да акцый пратэсту на мяжы (супраць забароны на вываз паліва і шэрагу тавараў. — БелаПАН.), то, як лічыць кіраўнік дзяржавы, гэтыя акцыі пратэсту "толькі на шкоду". "Пакуль мы спакойна размаўляем — можа, людзі не чулі, не зарыентаваліся і іншае. А наступныя акцыі мы будзем расцэньваць як выпад не толькі супраць улады, але і народа. Адпаведна будзем паводзіць сябе ў рамках закона. Бяры, чытай закон і глядзі, што будзе", — папярэдзіў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 17 чэрвеня 2011