Як паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, большасць затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў. Астатнія абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве на падставе артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Колькасць абвінавачваных пакуль невядомая. Праваабаронцы працягваюць збіраць звесткі.
Як зазначыў Стэфановіч, сярод затрыманых ёсць супрацоўнік пасольства Швецыі ў Беларусі, аднак у шведскім дыппрадстаўніцтве БелаПАН адмовілі ў каментарыі наконт гэтага.
У МУС і ГУУС Мінгарвыканкама ўчарашнія падзеі таксама не каментуюць.
Учарашняя акцыя маўклівага пратэсту, як і папярэднія, што прайшлі 8 і 15 чэрвеня, была ініцыяваная групай актывістаў сацыяльных сетак.
Тысячы людзей па ўсёй Беларусі выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны. Акцыя мірнага маўклівага пратэсту прайшла не толькі ў Мінску і абласных цэнтрах, але і малых гарадах — такіх, як Нясвіж, Старыя Дарогі, Быхаў, Глыбокае, Ганцавічы і іншых.
У Мінску, паводле розных ацэнак, удзельнікамі акцыі сталі некалькі тысяч чалавек.
Затрыманні зафіксаваны ў Барысаве, Маладзечне, Вілейцы, Віцебску, Жодзіне, Слуцку, Брэсце, Гродне, Мазыры, Ваўкавыску, Салігорску, Калінкавічах.
14 чэрвеня Генпракуратура заклікала грамадзян "не паддавацца на правакацыйныя заклікі і ўстрымацца ад удзелу ў незаконных акцыях", папярэдзіўшы аб магчымай адказнасці.
Аналагічнае папярэджанне з`явілася на сайце ГУУС Мінгарвыканкама раніцай 22 чэрвеня. У ім, у прыватнасці, гаварылася: з прававога пункту гледжання вынікі віртуальных заклікаў арганізатараў "сацыяльных рэвалюцый" — рэальнае, прамое парушэнне заканадаўства. "Арганізатары заклікаюць маўчаць або мычаць, тупаць або апладзіраваць — заканадаўству важны, у першую чаргу, сам факт арганізацыі такіх мерапрыемстваў", — адзначалася ў паведамленні ГУУС.
Аляксандр Лукашэнка 17 чэрвеня заявіў, што не дапусціць несанкцыянаваных акцый у цэнтры Мінска.
БелаПАН
Мінск, 23 чэрвеня 2011