БелаПАН мае копію ліста, разасланага адміністрацыяй Савецкага раёна з паметкай "тэрмінова". Згодна з ім, прадпрыемствы павінны былі падаць інфармацыю аб наяўнасці валютных сродкаў на рахунках да 17.00 7 красавіка.
Як пракаментавалі гэты дакумент БелаПАН ва ўпраўленні эканомікі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, "ліст разасланы буйным экспарцёрам ў мэтах выканання даручэння старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі". Пры гэтым спецыяліст адзначыў, што не ведае мэты гэтага даручэння. "Але гэта не значыць, што яны (арганізацыі. — БелаПАН.) абавязаны падаць такую інфармацыю. Некаторыя шлюць адказ, а некаторыя адмаўляюцца", — сказаў супрацоўнік адміністрацыі.
Атрымаць каментарый у Мінгарвыканкаме па гэтым пытанні пакуль не ўдалося.
Ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка БелаПАН заявілі, што ім невядомы прычыны такога распараджэння сталічных уладаў. У адказ на пытанне, ці можа быць гэта звязана з магчымым павелічэннем нормы абавязковага продажу валютнай выручкі (на гэты момант яна складае 30%), у Нацбанку нагадалі пра аб`яўлены мараторый на прыняцце рашэнняў на валютным рынку.
На думку аднаго з экспертаў банкаўскай сферы, магчыма, кіраўніцтва Мінгарвыканкама распрацоўвае нейкі механізм пераразмеркавання валюты паміж прадпрыемствамі. Як вядома, у сувязі з нестабільнай сітуацыяй на валютным рынку і множнасцю курсаў валют найбуйнейшыя прадпрыемствы-экспарцёры не спяшаюцца прадаваць валюту нават на міжбанкаўскім рынку, дзе курс долара ЗША перавышае афіцыйны на 10—30%. Такім чынам, прадпрыемствы-імпарцёры сутыкнуліся з праблемай, калі яны не могуць задаволіць свае патрэбы ў валюце.
Кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін лічыць, што "гэтыя дзеянні ўладаў непасрэдна супярэчаць духу і літары прэзідэнцкай дырэктывы № 4". "Яны сведчаць, што сітуацыя на валютным рынку вельмі няпростая, таму дзяржава праводзіць "інвентарызацыю" валютных рахункаў. Гэта фактычна спроба правесці аналіз, сабраць інфармацыю. Але ў гэтым нічога страшнага няма", — адзначыў кіраўнік асацыяцыі.
Балыкін звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што ў прадпрыемстваў ёсць поўнае права адмовіцца падаваць такую інфармацыю, "тым больш што дырэктыва прэзідэнта № 4 прадугледжвае скарачэнне колькасці ўсялякага кшталту справаздач".
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 красавіка 2011