Прадстаўнікі шэрагу замежных краін, а таксама структур Еўрасаюза, не маючы дакладнай інфармацыі аб падзеях, якія адбываліся ў Мінску 19 снежня 2010 года, зрабілі адназначную выснову пра быццам бы фальсіфікацыю вынікаў галасавання, а таксама празмернага прымянення сілы супраць тых, хто сабраўся на так званую выключна мірную акцыю дэманстрантаў. Менавіта гэтыя вывады сталі падставай для цкавання Беларусі з боку інстытутаў і палітыкаў Еўрасаюза, якія ў духу халоднай вайны ўво-
дзяць неправамерныя візавыя, эканамічныя і іншыя абмежаванні правоў беларускіх грамадзян.
Аднак ніхто не звярнуў увагу на незаконны характар названай дэманстрацыі. Чамусьці не была дадзена міжнародная ацэнка правакацыйным і як мінімум хуліганскім дзеянням удзельнікаў гэтай акцыі, якія, акрамя парушэння грамадскага парадку, арганізавалі напад на будынак, дзе размяшчаюцца беларускі ўрад, парламент, Цэнтральная выбарчая камісія.
Пры гэтым "якім жа было наша здзіўленне, калі ў іншай сітуацыі, 27 сакавіка 2011 года ў Лондане, урад Вялікабрытаніі прымяніў сілу для падтрымання грамадскага парадку, у выніку чаго пацярпелі 38 чалавек, а больш за 200 былі арыштаваны", адзначаецца ў звароце. Моладзь Беларусі здзіўлена, наколькі адрознай была рэакцыя краін Захаду. "Ніводнага слова асуджэння з боку міжнародных інстытутаў і праваахоўных арганізацый. Ніводнай негатыўнай ацэнкі дзеянняў улад. Ніякіх наступстваў!" — гаворыцца ў дакуменце.
У якасці яшчэ аднаго прыкладу прадстаўнікі БРСМ прыводзяць цяперашнюю сітуацыю ў Лівіі. "У парушэнне палажэнняў Дэкларацыі аб устанаўленні фактаў ААН 1991 года, не маючы поўнай інфармацыі, не прыводзячы аб`ектыўнага вывучэння сітуацыі, Савет Бяспекі ААН прымае рашэнне, санкцыяніруючае прымяненне сілы супраць суверэннай дзяржавы, члена ААН — Лівіі", — сказана ў звароце.
"Мы верым у тое, што абсурдная сітуацыя, якая склалася вакол Беларусі, будзе перагледжана з улікам усіх акалічнасцяў, устаноўленых на сёння. Упэўнены, гэта хутка прывядзе да адмены санкцый, нармалізацыі адносін Беларусі, Еўрасаюза і ЗША і ўмацавання міжнароднай бяспекі", — падкрэслівае беларуская моладзь.
Сярод адрасатаў, каму быў накіраваны зварот, — вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, прэзідэнты ЗША Барак Абама і Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў, міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле, дзяржаўны сакратар ЗША Хілары Клінтан, прэм`ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран, міністры замежных спраў Швецыі, Чэхіі, Польшчы і іншыя. У спіс адрасатаў таксама ўвайшлі вядучыя сусветныя і еўрапейскія СМІ.
Звязда
1 красавіка 2011