Сёлета сьвяточны Дзень Волі 25 сакавіка нашая Бацькаўшчына сустракае ў становішчы халоднай грамадзянскай вайны. Лепшыя сыны і дочкі Беларусі, кінутыя за краты і ілжыва абвінавачаныя ў крымінальных злачынствах.
Ужо вынесеныя прысуды сьведчаць пра тое, што разгляд гэтых справаў не мае нічога агульнага з правасуддзем, справядлівасьцю і маральнасьцю.
Канфрантацыя і раскол у беларускім грамадзтве праз гвалтоўныя дзеяньні ўладаў дасягнулі надзвычай высокага ўзроўню.
У гэтай сытуацыі гадавіна абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якая заўжды была і будзе сьвяточнай датай для кожнага беларускага грамадзяніна, робіцца днём пратэсту і адказнасці. Чым менш людзей будзе затрымана альбо пабіта на мерапрыемстве, тым больш гэта будзе спрыяць таму, што пратэставая хваля будзе расьці.
Сілавыя дзеяньні ўладаў, як паказаў досьвед 19, шмат у чым грунтуюцца на правакацыях.
Палітычная апазыцыя мусіць у гэтых варунках праявіць адказнасць і не ахвяраваць лёсамі людзей. Сьпеласьць сёньняшніх дзеячоў апазыцыі, што засталіся на волі, вымяраецца не колькасьцю маладых людзей і дзяўчын, кінутых за краты — а еднасьцю і кансалідацыяй на глебе агульнай стратэгіі далейшай палітычнай барацьбы.
Мы падтрымліваем пазыцыю, агучаную кіраўніцтвам Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй-БНФ у звароце да суайчыннікаў ад 23 сакавіка з нагоды сёлетняга Дня Волі.
Мы заклікаем усіх грамадзянаў Беларусі адзначыць гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ўрачыстым ускладаньнем кветак да помніку Янку Купалу ў Менску, а таксама да помнікаў выбітным дзеячам Беларусі і памятных месцаў, што зьвязаныя з гісторыяй беларускай незалежнасьці, па ўсёй краіне.
Няхай кожны беларус у дзень 25 сакавіка не толькі ўзгадае пра змагароў мінуўшчыны, але і распавядзе блізкім, сябрам, сваякам ды суседзям пра вязьняў, якія цяперашні рэжым кінуў за краты з-за іх палітычных перакананьняў.
Мы найстойліва запрашаем усе адказныя палітычныя партыі і рухі да кансалідацыі на глебе ўзгодненай стратэгіі дзеля хутчэйшага вызваленьня ўсіх палітзняволеных, дзеля перашкоды гандлю нацыянальнымі інтарэсамі, дзеля свабоды і незалежнасьці нашай Айчыны.
За неадкланае і безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў!
За вольную і незалежную Беларусь!
Жыве Беларусь!
Аляксей Янукевіч, ПартыяБНФ
Леў Марголін, АГП
Дзяніс Садоўскі, БХД
Андрэй Дзмітрыеў, кампанія «Гавары праўду»
Аляксандар Макаеў, Рах салідарнасьці «Разам»
Наша Ніва
25 сакавiка 2011