Журналіст абвінавачаны па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса — супраціўленне супрацоўнікам міліцыі і дробнае хуліганства, якое, як вынікае з пратакола, выяўлялася ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. За першае правапарушэнне ён асуджаны на шэсць сутак арышту, за другое — на суткі. Сваёй віны Лапцэвіч не прызнаў.
Уладзімір Лапцэвіч, нагадаем, быў затрыманы 25 сакавіка прыкладна ў 17.00 на вуліцы Ленінскай каля Зорнай плошчы. Ён збіраўся асвятляць мерапрыемства, якое планавалі правесці мясцовыя прадстаўнікі дэмсіл з нагоды Дня Волі, — ускладанне кветак да краязнаўчага музея. Без тлумачэння прычын журналіста даставілі ў апорны пункт міліцыі, а затым — у ізалятар часовага ўтрымання.
У апорным пункце Лапцэвіч напісаў скаргу пракурору Ленінскага раёна Магілёва. У ёй указана, што затрыманне праводзілі людзі ў форме супрацоўнікаў міліцыі, якія не назвалі сябе і не растлумачылі прычын сваіх дзеянняў. Затрыманне суправаджалася насіллем — журналіста ўвапхнулі ў аўтобус, не паведаміўшы, куды вязуць.
Лапцэвіч таксама інфармуе пракурора, што ў апорным пункце супрацоўнікі міліцыі зневажалі яго нацыянальную годнасць. "Адмаўляючыся адказваць мне на беларускай мове, супрацоўнікі міліцыі зневажаюць маю нацыянальную годнасць. Гэта выявілася і ў тым, што былі падсунуты нейкія пратаколы, якія я не змог прачытаць", — адзначаецца ў скарзе.
Журналіст просіць пракурора пакараць тых, хто затрымаў яго "пры поўнай адсутнасці якіх-небудзь падстаў", і тых, хто зневажаў яго нацыянальную годнасць.
Нагадаем, 24 сакавіка ў Магілёве да трох сутак арышту быў прыгавораны яшчэ адзін журналіст, які супрацоўнічае з незалежнымі СМІ, Алесь Асіпцоў. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве — адпраўленні натуральных патрэб у грамадскім месцы.
Апынуўшыся на волі 27 сакавіка, Асіпцоў у каментары БелаПАН заявіў: "Не так важна, хто стаіць за ініцыятывай затрымання ў Магілёве журналістаў — кіраўніцтва гарвыканкама, ідэалагічная вертыкаль ці кіраўніцтва сілавых структур і спецслужбаў. Важна тое, што ў Магілёве за апошнія 10—12 гадоў не было выпадкаў арышту журналістаў, якія ніякім чынам не ангажаваныя ў палітычныя структуры і рухі. Магілёў якраз вылучаўся тым, што спецслужбы і сілавыя структуры памяркоўна ставіліся да журналістаў. Думаю, цяпер махавік гэтага арыштанцкага пераследу журналістаў запушчаны і варта чакаць усё што заўгодна, напрыклад, якіх-небудзь пракурорскіх папярэджанняў".
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 28 сакавіка 2011