https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Журналіст Уладзімір Лапцэвіч асуджаны на сем сутак адміністрацыйнага арышту


Магілёўскі журналіст, пазаштатны карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч асуджаны на сем сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведаміў праваабаронца Барыс Бухель, такое рашэнне прыняла 28 сакавіка суддзя Ленінскага раёна Магілёва Ірына Ланчава.
Журналіст абвінавачаны па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса — супраціўленне супрацоўнікам міліцыі і дробнае хуліганства, якое, як вынікае з пратакола, выяўлялася ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы. За першае правапарушэнне ён асуджаны на шэсць сутак арышту, за другое — на суткі. Сваёй віны Лапцэвіч не прызнаў.

Уладзімір Лапцэвіч, нагадаем, быў затрыманы 25 сакавіка прыкладна ў 17.00 на вуліцы Ленінскай каля Зорнай плошчы. Ён збіраўся асвятляць мерапрыемства, якое планавалі правесці мясцовыя прадстаўнікі дэмсіл з нагоды Дня Волі, — ускладанне кветак да краязнаўчага музея. Без тлумачэння прычын журналіста даставілі ў апорны пункт міліцыі, а затым — у ізалятар часовага ўтрымання.

У апорным пункце Лапцэвіч напісаў скаргу пракурору Ленінскага раёна Магілёва. У ёй указана, што затрыманне праводзілі людзі ў форме супрацоўнікаў міліцыі, якія не назвалі сябе і не растлумачылі прычын сваіх дзеянняў. Затрыманне суправаджалася насіллем — журналіста ўвапхнулі ў аўтобус, не паведаміўшы, куды вязуць.

Лапцэвіч таксама інфармуе пракурора, што ў апорным пункце супрацоўнікі міліцыі зневажалі яго нацыянальную годнасць. "Адмаўляючыся адказваць мне на беларускай мове, супрацоўнікі міліцыі зневажаюць маю нацыянальную годнасць. Гэта выявілася і ў тым, што былі падсунуты нейкія пратаколы, якія я не змог прачытаць", — адзначаецца ў скарзе.

Журналіст просіць пракурора пакараць тых, хто затрымаў яго "пры поўнай адсутнасці якіх-небудзь падстаў", і тых, хто зневажаў яго нацыянальную годнасць.

Нагадаем, 24 сакавіка ў Магілёве да трох сутак арышту быў прыгавораны яшчэ адзін журналіст, які супрацоўнічае з незалежнымі СМІ, Алесь Асіпцоў. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве — адпраўленні натуральных патрэб у грамадскім месцы.

Апынуўшыся на волі 27 сакавіка, Асіпцоў у каментары БелаПАН заявіў: "Не так важна, хто стаіць за ініцыятывай затрымання ў Магілёве журналістаў — кіраўніцтва гарвыканкама, ідэалагічная вертыкаль ці кіраўніцтва сілавых структур і спецслужбаў. Важна тое, што ў Магілёве за апошнія 10—12 гадоў не было выпадкаў арышту журналістаў, якія ніякім чынам не ангажаваныя ў палітычныя структуры і рухі. Магілёў якраз вылучаўся тым, што спецслужбы і сілавыя структуры памяркоўна ставіліся да журналістаў. Думаю, цяпер махавік гэтага арыштанцкага пераследу журналістаў запушчаны і варта чакаць усё што заўгодна, напрыклад, якіх-небудзь пракурорскіх папярэджанняў".

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 28 сакавіка 2011
 
Дата публикации:28.03.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3587
 
Ключевые слова:
Дзень Волі Могилёв
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме