"Міжнародная амністыя" заклікае запатрабаваць вызвалення ўжо асуджанага Аляксандра Атрошчанкава і яшчэ 11 чалавек, якіх праваабарончая арганізацыя прызнала вязнямі сумлення; правядзення незалежнага расследавання заяў аб катаванні зняволеных у ізалятары КДБ і доступу медыцынскіх экспертаў да ўсіх затрыманых.
Арганізацыя заклікае нагадаць беларускім чыноўнікам, што краіна падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і павінна не дапускаць катаванняў і нечалавечага абыходжання, праводзіць аператыўнае і незалежнае расследаванне заяў па адпаведных фактах.
"Міжнародная амністыя" нагадвае, што прызнала вязнямі сумлення Аляксандра Атрошчанкава, Андрэя Саннікава, Дзмітрыя Бандарэнку, Уладзіміра Някляева, Мікалая Статкевіча, Ірыну Халіп, Наталлю Радзіну, Анастасію Палажанку, Аляксандра Фядуту, Паўла Севярынца, Анатоля Лябедзьку, Алеся Міхалевіча, Уладзіміра Кобеца, Аляксандра Арастовіча і Сяргея Марцалева.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 9 сакавіка 2011