Судовае пасяджэнне прайшло 6 студзеня ў закрытым рэжыме. Букштынаў паведаміў журналістам, што прасіў даставіць на разгляд скаргі Уладзіміра Някляева, які зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, аднак гэту просьбу не задаволілі.
Суд прыняў рашэнне меру стрымання Някляеву пакінуць ранейшай. Паводле слоў адваката, галоўным матывам такога рашэння стала тое, што палітык абвінавачваецца ва ўчыненні асабліва цяжкага злачынства.
Нагадаем, разам з іншымі шасцю экс-кандыдатамі Някляеў абвінавачваецца ў арганізацыі і ва ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 293 Крымінальнага кодэкса).
У Букштынава ёсць адзін дзень на абскарджанне гэтага рашэння ў вышэйшай інстанцыі. "Я лічу прынятае судом Цэнтральнага раёна рашэнне аб адмове ў задавальненні маёй скаргі неабгрунтаваным і абавязкова абскарджу яго ў Мінскім гарадскім судзе", — заявіў адвакат.
Як паведамлялася раней, скарга была пададзена 3 студзеня. Да яе прыкладалася выпіска з лячэбнай установы пра захворванні палітыка. "Паводле маіх звестак, Някляеў зараз знаходзіцца ў камеры СІЗА КДБ, у шпіталь яго не змяшчалі", — сказаў Букштынаў БелаПАН 5 студзеня.
Някляеў быў моцна збіты вечарам 19 снежня каля офіса кампаніі "Гавары праўду!" на вуліцы Няміга, за гадзіну да пачатку акцыі пратэсту апазіцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання. У момант збівання палітык яшчэ знаходзіўся ў статусе кандыдата ў прэзідэнты. У ноч на 20 снежня супрацоўнікі спецслужбаў даставілі яго з бальніцы ў следчы ізалятар КДБ. 29 снежня Някляеў перанёс гіпертанічны крыз.
Мінск, 6 студзеня 2011
Сяргей Пульша, БелаПАН