Паводле даных ЦВК, у выбарах прыняў удзел 6.441.031 грамадзянін, ці 90,65% выбаршчыкаў.
Рыгор Кастусёў набраў 1,97% галасоў;
Аляксандр Лукашэнка — 79,65%;
Аляксей Міхалевіч — 1,02%;
Уладзімір Някляеў — 1,78%;
Яраслаў Раманчук — 1,98%;
Віталь Рымашэўскі — 1,09%;
Андрэй Саннікаў — 2,43%;
Мікалай Статкевіч — 1,05%
Віктар Цярэшчанка — 1,19%;
Дзмітрый Ус — 0,39%.
Супраць усіх прагаласавала 6,47% выбаршчыкаў.
Як заявіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, змены ў выбарчае заканадаўства "прывялі да лібералізацыі выбарчага працэсу на ўсіх этапах выбараў".
"Былі створаныя ўмовы для свабоднага збору подпісаў, агітацыі. У цэлым кампанія прайшла спакойна, аднак шэраг кандыдатаў парушалі правапарадак, — заўважыў Лазавік. — Ставілі задачу дамагчыся непрызнання выбараў міжнароднымі структурамі. Дэструктыўную пазіцыю занялі так званыя праваабаронцы і іншыя арганізацыі, аднак іх задума правалілася".
Паводле слоў Лазавіка, большасць назіральнікаў прызнала выбары дэмакратычнымі. Што ж да заключэння місіі БДІПЧ АБСЕ, то ў ім, лічыць сакратар ЦВК, "адсутнічае адзнака аб несправядлівасці выбараў". Яны адзначылі, што ў Беларусі яшчэ наперадзе шлях да дэмакратыі, сказаў Лазавік, дадаўшы, што на такую ацэнку паўплывалі падзеі ў Мінску вечарам 19 снежня.
Такім чынам, ЦВК прызнаў, што выбары адбыліся, а Аляксандра Лукашэнку — абраным прэзідэнтам.
Аднагалосна члены ЦВК адмовіліся задаволіць скаргу кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва аб прызнанні выбараў несапраўднымі ў сувязі са шматлікімі грубымі парушэннямі.
Парушэнні, зафіксаваныя дэмакратычнымі назіральнікамі, былі выкладзеныя на 363 старонках, якія прыкладаліся да тэксту скаргі.
Аднак, як заявіла член ЦВК Надзея Кісялёва, шматлікія дакументы, якія дадаюцца да скаргі, да справы не адносяцца, некаторыя факты ўжо правяраліся выбарчымі камісіямі і пракуратурай, а некаторыя — немагчыма праверыць.
"Дапускаю, што дзесьці парушаўся парадак падліку галасоў, але гэтыя парушэнні насілі працэсуальны характар і не мелі на мэце сказіць вынікі волевыяўлення выбаршчыкаў", — заявіла член ЦВК.
Кастусёў таксама прасіў ЦВК лічыць сваю скаргу пададзенай і ад тых кандыдатаў у прэзідэнты, якія пазбаўленыя магчымасці гэта зрабіць з-за арыштаў. Ён упэўнены ў тым, што пры наяўнасці такой магчымасці іншыя кандыдаты рэалізавалі б сваё права абскардзіць вынікі выбараў.
Аднак Кісялёва заявіла, што аўтарам скаргі з`яўляецца толькі Кастусёў, бо астатнія кандыдаты яе не падпісалі.
Член ЦВК з правам дарадчага голасу ад Кастусёва Алесь Лагвінец заявіў: "Калі б назіральнікам, сумленным членам выбарчых камісій далі магчымасць справядліва праводзіць і сачыць за выбарамі, абавязкова быў бы, прынамсі, другі тур. У выбаршчыкаў забралі права абіраць, праходзіць працэс самапрызначэння Лукашэнкі прэзідэнтам".
Лагвінец назваў членаў ЦВК саўдзельнікамі незаконных дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі.
Яшчэ адзін член ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Юрый Хадыка падтрымаў меркаванне, што выбары нельга лічыць справядлівымі.
Член ЦВК з правам дарадчага голасу ад кандыдата ў прэзідэнты Аляксея Міхалевіча Канстанцін Лукашоў заклікаў ЦВК не спяшацца з зацвярджэннем вынікаў выбараў і прапанаваў спачатку вызваліць затрыманых кандыдатаў у прэзідэнты.
У адказ на гэта кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла: "Палітыканы незаконна заклікалі на плошчу. Як дарослыя людзі, яны павінны былі прадбачыць наступства. Тое, што адбылося, нельга прабачыць, бо стаяла пагроза жыцця людзей".
Ярмошына таксама лічыць, што іншыя кандыдаты ў прэзідэнты не падалі б новых пэўных фактаў аб парушэннях падчас выбараў.
Члены ЦВК аднагалосна адмовілі ў задавальненні скаргі Кастусёва і адхілілі прапанову хадайнічаць аб вызваленні затрыманых кандыдатаў.
Нагадаем, заходнія краіны не прызналі вынікі прэзідэнцкіх выбары ў Беларусі, асудзілі жорсткі разгон дэманстрантаў у Мінску 19 снежня і запатрабавалі вызваліць кандыдатаў у прэзідэнты.
У гэты час пяцёра кандыдатаў — Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Аляксей Міхалевіч — знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ як падазроныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках.
Мінск, 24 снежня 2010
БелаПАН