"19 снежня 2010 года ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары. Нягледзячы на некаторы прагрэс у атмасферы кампаніі, пры падліку галасоў былі зафіксаваныя сур`ёзныя парушэнні міжнародных стандартаў. Беларускія ўлады не забяспечылі справядлівы і празрысты выбарчы працэс", — піша Мілінкевіч.
Паводле яго слоў, шматтысячная мірная маніфестацыя пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў скончылася неадэкватна жорсткім гвалтам пад прэтэкстам учыненай невядомымі асобамі правакацыі. "Затрымана больш за 600 дэмакратычных актывістаў, журналістаў і пяць кандыдатаў у прэзідэнты, якія знаходзяцца ў турме КДБ. 22 лідарам і актывістам апазіцыі пагражае да 15 гадоў турмы", — адзначае аўтар ліста.
Мілінкевіч звяртаецца да кіраўнікоў ЕС з просьбай "выказаць салідарнасць з ахвярамі палітычнага пераследу, запатрабаваць ад кіраўніцтва Беларусі неадкладнага вызвалення ўсіх вязняў сумлення і аб`ектыўнага расследавання выпадкаў выкарыстання гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў маніфестацыі".
"У адказ на масавае парушэнне правоў чалавека Еўрасаюзу варта запрапанаваць беларускаму ўраду "нулявы варыянт": адносіны Беларусі і Еўрасаюза аднаўляюцца толькі пасля вызвалення палітвязня Міколы Аўтуховіча, усіх затрыманых экс-кандыдатаў у прэзідэнты і актывістаў, арыштаваных 19 снежня і пасля. Для працягу дыялогу з Еўрасаюзам улады Беларусі павінны аб`явіць мараторый на палітзняволеных", — лічыць Мілінкевіч.
На яго думку, новы план супрацоўніцтва "не павінен быць прывязаны выключна да электаральных падзеяў". "Ён мае агаворваць паляпшэнне ўмоваў дзейнасці НДА, партый і медыя, а таксама атрымання замежнай дапамогі", — піша палітык.
"Для парламенцкіх выбараў 2012 года асноўнай умовай іх прызнання неабходна паставіць прынцып "кандыдаты і ўлада лічаць галасы разам", — прапануе лідар руху "За Свабоду".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 25 снежня 2010