https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Колькасць удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі скарацілася да адзінаццаці чалавек


Адзінаццаць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі здалі ў тэрытарыяльныя камісіі больш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.
Як паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, найбольшая колькасць подпісаў здадзена ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі — звыш 1,1 мільёна. Ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева перадала ў тэрытарыяльныя камісіі прыкладна 160 тысяч подпісаў, Андрэя Саннікава — прыкладна 150 тысяч, у падтрымку астатніх прэтэндэнтаў — ад 105 да 120 тысяч.

"Здадзена вельмі шмат подпісаў. Праверка пакажа, наколькі добрасумленна працавалі ініцыятыўныя групы", — заявіў сакратар ЦВК.

Паводле слоў Лазавіка, члены тэрытарыяльных камісій паведамлялі, што знаходзілі свае прозвішчы ў падпісных лістах, хоць і не ставілі подпісаў у падтрымку пэўнага прэтэндэнта.

"Магчыма, ініцыятыўныя групы некаторых прэтэндэнтаў працавалі не з выбаршчыкамі, а з базамі даных — напрыклад, тэлефоннымі даведнікамі, спісамі ЖЭС, паліклінік", — выказаў меркаванне Лазавік.

Ён падкрэсліў, што такія выпадкі лёгка выяўляюцца, а таму ініцыятыўным групам, якія працуюць падобным чынам, трэба было проста заявіць пра няздольнасць сабраць неабходную колькасць подпісаў.

Як паведамлялася раней, Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 17 ініцыятыўных груп.

Сяргей Гайдукевіч, Сяргей Рыжоў і Юрый Глушакоў напісалі ў ЦВК афіцыйныя заявы аб адмове ад удзелу ў выбарах.

Яшчэ тры прэтэндэнты — Пётр Барысаў, Сяргей Іваноў і Іван Кулікоў — не здалі подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі.

Такім чынам, на гэты момант у выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць 11 чалавек:

- намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў;

- дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка;

- кіраўнік саюза "За мадэрнізацыю" Алесь Міхалевіч;

- лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў;

- індывідуальны прадпрымальнік з Віцебска Уладзімір Правальскі;

- намеснік старшыні Аб`яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук;

- сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі;

- лідар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў;

- лідар аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч;

- эканаміст Віктар Цярэшчанка;

- дырэктар ТДА "Трывіум" Дзмітрый Ус.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты праходзіў з 30 верасня да 29 кастрычніка ўключна.

Згодна з Выбарчым кодэксам, сапраўднасць сабраных подпісаў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі павінны праверыць у 10-дзённы тэрмін.

Пратаколы выбарчых камісій аб устанаўленні колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта, павінны быць перададзены ў ЦВК не пазней за 13 лістапада.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 14 па 23 лістапада. Як паведамілі ў Цэнтрвыбаркаме, верагодней за ўсё, усе кандыдаты пройдуць рэгістрацыю ў адзін дзень, што забяспечыць ім аднолькавыя часавыя межы для правядзення агітацыйнай кампаніі.

Выбары прэзідэнта прызначаны на 19 снежня.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 30 кастрычніка 2010
 
Дата публикации:30.10.2010
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:5838
 
Ключевые слова:
Выборы в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме