Людзям, якія маюць патрэбу ў жыллі, квадратны метр у новым доме будзе каштаваць танней на 100 тысяч рублёў
— Ёсць дарагія дамы, дзе кошт квадратнага метра перавышае 2,4 мільёна рублёў, — зазначыў старшыня Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама Саламон Балоцін. — І ў гэты кошт уваходзілі інжынерныя сеткі, добраўпарадкаванне, малыя формы, дзіцячыя пляцоўкі. Усё гэта клалася на чалавека, які браў крэдыт і потым выплачваў яго. Каб знізіць кошт жылля для тых, хто мае ў ім патрэбу, бюджэт возьме на сябе выдаткі ад адмосткі дома і далей. Мы падлічылі, што квадратны метр патаннее прыкладна на 100 тысяч рублёў. Спатрэбіцца з бюджэту 7-8 мільярдаў рублёў.
Улады мяркуюць, што гэтая мера падгоніць жыллёвае будаўніцтва ў раённых цэнтрах і малых гарадах, дзе людзям складана плаціць крэдыт і камунальныя паслугі. Яны хоць і маюць патрэбу ў жыллі, але адмаўляюцца ў сувязі з дарагавізнай.
Між тым, заданне па новым жыллі ў Магілёўскай вобласці вялікае — 800 тысяч квадратных метраў, і цяпер выканана толькі 75% ад яго. Гэтыя і іншыя вынікі работы гаспадарчага комплексу за сёлетнія 9 месяцаў абмеркавалі на пашыраным пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама. Вобласць забяспечыла выкананне прагнозных паказчыкаў па вытворчасці прамысловых і спажывецкіх тавараў.
На пасяджэнні ў асноўным ішла гутарка аб праблемных момантах, якія трэба было дэталёва разгледзець. Напрыклад, кіраўніцтва вобласці заклапочана фінансавым станам некаторых прамысловых прадпрыемстваў, дзе вялікія крэдыторская і дэбіторская запазычанасці. Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках прадпрыемстваў рэгіёна павялічваецца. Сёлета адбываецца зніжэнне рэнтабельнасці, хоць, здавалася б, асноўная хваля крызісу прыпала на 2009 год.
Крайне нездавальняючай названа сітуацыя з прыцягненнем замежных інвестыцый: іх нават меней, чым летась. Паводле папярэдніх звестак, на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў прыцягнута 56,9 мільёна долараў, што складае толькі 18% ад гадавога задання. На месцах скардзяцца, што замежныя інвестары ў сувязі з крызісам "прыціхлі".
Ёсць пытанні па знешнеэканамічнай дзейнасці: паказчыкі па экспарце выкананыя, але ў многім дзякуючы павелічэнню коштаў, асабліва на харчы. У фізічным выражэнні экспартныя справы не такія паспяховыя.
Аднак ёсць і нямала здабыткаў: для насельніцтва найбольш важным тут з`яўляецца павелічэнне заробкаў. У верасні сярэдні заробак жыхара Магілёўскай вобласці склаў 1188,9 тысячы рублёў.
Цяпер у рэгіёне няма ніводнай арганізацыі, дзе б сярэдні заробак быў меншым за 200 долараў, хоць у студзені такіх было ажно 368. Засталося толькі 9 арганізацый, дзе ў сярэднім плацяць меней за 250 долараў. Наступны рубеж — 300 долараў.
— Сёлета, у апошні год пяцігодкі, трэба выканаць усе заданні і закласці падмурак для паспяховага старту 4-й пяцігодкі, — сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік. — Першая задача дзяржавы і мясцовых уладаў — павелічэнне узроўню і якасці жыцця людзей.
Ілона Іванова.
30 кастрычніка 2010
Звязда