Як паведаміў журналістам Янукевіч, усе прадстаўнікі грамадска-палітычных арганізацый, якія падпісалі гэтае пагадненне, "раздзяляюць каштоўнасці незалежнасці, дэмакратыі і еўрапейскага выбару Беларусі". "Мы ўсе разумеем, што ў Беларусі наспела неадкладная неабходнасць змянення палітычнага рэжыму і эканамічнага ладу, мадэрнізацыі краіны. Таму мы дамаўляемся каардынаваць свае дзеянні ў пачатку палітычнай кампаніі", — заявіў лідар Партыі БНФ.
Янукевіч падкрэсліў: грамадзянская акцыя "Беларускі выбар" ствараецца для таго, каб у Беларусі ажыццяўляўся "прабеларускі сцэнарый перамен".
"Працяг кіраўніцтва краінай Лукашэнкам — гэта тупік і катастрофа. Ажыццяўленне тут прарасійскага сцэнарыя, у выніку якога Беларусь трапляе пад уплыў Расіі, — гэта тое ж самае. Ёсць іншы варыянт, і для таго, каб гэты варыянт спрацаваў, каб перамены былі ажыццёўленыя на карысць беларускаму народу, мы дамаўляемся аб супрацоўніцтве", — заявіў палітык.
Падпісанты пагаднення будуць супрацоўнічаць падчас прэзідэнцкіх выбараў, каардынаваць дзеянні па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і назіральнікаў, праводзіць сумесную палітычную кампанію падчас выбараў.
Прадстаўляць грамадзянскую акцыю "Беларускі выбар" унутры краіны і за мяжой упаўнаважаны Аляксандр Мілінкевіч.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 17 верасня 2010