Ужо ў чэрвені пачнецца распрацоўка праектнай дакументацыі для рэстаўрацыі касцёла Найсвяцейшага Божага Цела ў Нясвіжы. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве культуры. Як толькі дакументацыю падрыхтуюць, прыступяць да рамонту даха і вадасцёкавай сістэмы.
Да канца года плануецца выканаць даследаванні жывапісу, алтароў, ляпнога дэкору ў інтэр’еры касцёла, пахавальнай крыпты роду Радзівілаў, правесці геалагічныя даследаванні на тэрыторыі храма.
Пасля пачнецца рэстаўрацыя фасадаў храма, вежы, капліцы Булгарына.
Генеральным праекціроўшчыкам вызначаны ААТ «Белрэстаўрацыя». Як запэўніваюць у Мінкультуры, будуць праводзіцца кансультацыі са спецыялістамі-рэстаўратарамі з Польшчы і Літвы.
Сёлета плануецца выдзеліць 2 млрд. рублёў на работы ў касцёле.
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч скептычна адносіцца да планаў міністэрства. «Маё ўражанне, што дзяржаве нема куды грошы падзець». Ён кажа, што касцёлу патрэбныя кансервацыя і невялікі рамонт, які можна зрабіць без значных фінансавых укладанняў.
А айчынныя арганізацыі, якія будуць займацца рэстаўрацыяй, па яго словах, пойдуць на тое, каб асвоіць усе выдзеленыя сродкі. Для гэтага яны гатовыя будуць нават зруйнаваць помнік і адбудаваць яго наноў.
Антон Астаповіч адзначае, што будзе дамагацца сустрэчы з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. «Сітуацыя неадназначная.
У першую чаргу павінен выказацца касцёл. Але касцёл пакуль маўчыць».
Кастусь Матушыч 4 чэрвеня 2010 Наша Ніва