У Беларусі за студзень — лістапад гэтага года зарэгістравана 1337 новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, паказчык захваральнасці застаўся на ўзроўні аналагічнага перыяду 2020 года і склаў 14,3 выпадкі на 100 тыс. насельніцтва.
Больш за ўсё выпадкаў ВІЧ-інфекцыі за гэты перыяд выяўлена ў Гомельскай вобласці — 350, Мінску — 353, Мінскай вобласці — 243. У Брэсцкай вобласці за адзінаццаць месяцаў гэтага года зарэгістравана 93 выпадкі, Віцебскай — 89, Гродзенскай — 64 і Магілёўскай — 145.
У эпідэмічны працэс уцягнуты ўсе ўзроставыя групы насельніцтва, аднак асноўная доля грамадзян, у якіх упершыню выяўляюць вірус, — людзі старэйшыя за 30 гадоў. На гэту ўзроставую групу прыпадае 84,6 працэнта з ліку зарэгістраваных за студзень — лістапад выпадкаў ВІЧ.
Па кумулятыўных дадзеных (з 1987 года) асноўным шляхам заражэння з’яўляецца палавой (66,7%), доля парэнтэральных шляхоў перадачы ВІЧ (пры ўнутрывенным увядзенні наркатычных рэчываў) складае 31,2%. За студзень — лістапад гэтага года ўдзельная вага людзей, інфікаванне якіх адбылося палавым шляхам, склала 83,5 працэнта, доля парэнтэральнага шляху перадачы ВІЧ — 14,4 працэнта.
У агульнай структуры ВІЧ-інфікаваных пераважаюць мужчыны (60,7 працэнта), доля жанчын складае 39,3 працэнта. Удзельная вага жанчын, уцягнутых у эпідэмічны працэс па ВІЧ-інфекцыі за студзень — лістапад, — 38,9 працэнта.
У сацыяльнай структуры ВІЧ-інфікаваных людзей, упершыню выяўленых у студзені — лістападзе, 42 працэнты складаюць людзі рабочых спецыяльнасцей і служачыя, 32,8 працэнта — без пэўнай дзейнасці, 10 працэнтаў — з месцаў пазбаўлення волі.
Звязда, 18 снежня 2021