https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Уведзены пяты пакет санкцый супраць Беларусі - гэта помста нашай краіне і асабіста Прэзідэнту за нежаданне здрадзіць Расіі, суверэнітэту нашай краіны і прымаць правілы гульні калектыўнага Захаду


Такое меркаванне выказаў загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін.
"Дзякуючы Прэзідэнту, яго настойлівасці і непахіснасці, а таксама палітычнай гібкасці, развязаная супраць нас гібрыдная міграцыйная вайна Захадам прайграна. Зразумела, цяпер трэба чакаць новага этапу націску і шантажу. Цяпер калектыўны Захад прыме ўсе меры для ўдушэння Беларусі. Польшча сутаргава шукае моцнага еўрапейскага саюзніка ў мэтах заключэння "новай мюнхенскай змовы", вызначыўшы для сябе месца кіраўніка нацысцкага еўрапейскага дома. Прыбалтыка, як і Украіна, не могуць адыгрываць якую-небудзь самастойную ролю, з`яўляючыся сатэлітамі самой Польшчы, - лічыць Мікалай Шчокін. - Прэзідэнт Беларусі для Еўропы аказаўся моцным і незалежным лідарам. Ужо відавочна, што мэта польскага кіраўніцтва адносна Беларусі - звергнуць Прэзідэнта любой цаной, пры дапамозе розных інтэракцый аж да прыцягнення стратэгічных узбраенняў НАТА".

Аналітык лічыць, што ЗША і Вялікабрытанія зацікаўлены ў адраджэнні нацысцкай і нацыяналістычнай ідэалогіі ў Еўропе з далейшым прыходам да ўлады ўльтраправых сіл, якія фінансуюцца Вашынгтонам і Лонданам.

"Больш таго, справакаваўшы энергетычны крызіс і, як вынік, банкруцтва дзясяткаў энергакампаній па ўсёй Еўропе, ЗША дабіліся рэзкага скарачэння інвестыцый у эканоміку краін ЕС, тым самым стварыўшы ўмовы для росту інфляцыі і эканамічнага калапсу. Еўропа аказалася заложнікам уласных амбіцый і палітычнай неразборлівасці. Такім чынам, стратэгія відавочная: раз`яднаная і расколатая Еўропа з сацыяльна-эканамічнымі праблемамі, якая ў далейшым стала б "закрэдытаваным донарам" амерыканскай эканомікі, - адзначыў палітолаг. - Гэта своеасаблівы план "Маршала-Байдэна" па фарміраванні новай сусветнай эканамічнай мадэлі. У сувязі з гэтым рэалізацыя эканамічных праграм Саюзнай дзяржавы і падпісаная Прэзідэнтам Дырэктыва нумар 9 "Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі" ў цяперашняй сітуацыі - адзіны правільны тактыка-стратэгічны шлях захавання суверэнітэту, эканамічнай і ваенна-палітычнай бяспекі".

Мікалай Шчокін лічыць, што ад маючых адбыцца 7 снежня onlinе-перагавораў Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна многія чакаюць часовага кампрамісу.

"Але напярэдадні дэмакратычнага саміту са шкадаваннем трэба прызнаць, што Украіна выбрала ваяўнічую рыторыку і дэструктыўны курс адносна Беларусі. "Нацыяналістычны запал" Украіны, пра які ў сваім інтэрв`ю агенцтву "Расія сёння" гаварыў Аляксандр Лукашэнка, стаў сур`ёзнай небяспекай для рэгіянальнай стабільнасці і востра паставіў пытанне аб існаванні ўкраінскай дзяржаўнасці, - падкрэсліў эксперт. - Ці з`яўляецца парушэнне паветранай граніцы 4 снежня ў раёне пункта пропуску "Новая Рудня" ваенным верталётам Мі-8 пачаткам дыверсійнай вайны, час пакажа. Ці гатова Польшча і Украіна развязаць ваенны канфлікт? Безвыхадная сітуацыя, у якую яны сябе загналі, пакідае ім мала варыянтаў. Першы - развязаць пры дапамозе Вашынгтона і Лондана на тэрыторыі Украіны чарговую фазу грамадзянскай вайны з прыцягненнем ваенных спецыялістаў і ўзбраення заходніх краін. Другі - на працягу доўгага часу трымаць ваенную шматтысячную групоўку на польска-беларускай граніцы з прасоўваннем і ўстанаўленнем ваеннай інфраструктуры НАТА, са спробамі прыгранічных сутыкненняў і правакацый. Трэцяя - з улікам ваеннага напружання прадаўжаць гібрыдную вайну з Беларуссю на псіхалагічнае і эканамічнае вымотванне і ўдушэнне".

У любым выпадку, упэўнены Мікалай Шчокін, па выніках дэмакратычнага саміту Беларусь і Расія будуць аб`яўлены ворагамі.

"І пачнецца ўжо шырокамаштабная, шматузроўневая, афіцыйна ўзаконеная Захадам халодная вайна - па міжнародных правілах злачынная, з прыцягненнем разнастайных сатэлітаў для ідэалагічнага цкавання беларускага і рускага народаў. У сувязі з гэтым, у тым ліку і напярэдадні рэферэндуму, такія фактары, як выканальніцкая і працоўная дысцыпліна, ініцыятыўнасць усіх галін улады, вырашэнне бытавых праблем грамадзян на мясцовым узроўні, - галоўны прынцып грамадскай і нацыянальнай бяспекі. Узмацненне барацьбы з пятай калонай, комплекс мер па зачышчэнні сацсетак з далейшым прыцягненнем да крымінальнай адказнасці за распальванне міжнацыянальнай варожасці, абразы, падбухторванне да проціпраўных дзеянняў і наступальная інфармацыйная і ідэалагічная палітыка павінны стаць на бліжэйшую перспектыву дзейсным механізмам захавання міру і стабільнасці", - рэзюмаваў аналітык.

6 снежня 2021, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:06.12.2021
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:99
 
Ключевые слова:
Геополитика Граница Украина НАТО США Россия Суверенитет
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме