Дакумент удакладняе межы абласцей і раёнаў, устаноўленыя ў 1950-я гады графічным спосабам на аснове картаграфічнага матэрыялу, які быў у той час. З цягам часу з-за меліярацыйных і іншых работ, будаўніцтва аб’ектаў транспартнай інфраструктуры межы перасталі супадаць з цвёрдымі контурамі мясцовасці: рэкамі, меліярацыйнымі каналамі, дарожнай сеткай, ляснымі масівамі, прасекамі і іншымі.
Для сучаснага вызначэння межаў прыменена тэхналогія, у аснове якой ляжыць выкарыстанне найноўшых магчымасцяў дыстанцыйнага зандавання Зямлі, метадаў атрымання і апрацоўкі фотавыявы і лічбавання зямельнага пакрыцця.
У адпаведнасці з указам, новыя межы Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей і іх раёнаў будуць устаноўлены з 1 ліпеня 2021 года. Змены адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання абласцей, раёнаў, сельсаветаў будуць улічаныя ў адзіным рэестры адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь. Межы Гомельскай вобласці і яе раёнаў, якія супадаюць з Дзяржаўнай граніцай Беларусі з Украінай, будуць зменены пасля завяршэння дэмаркацыі.
Да 1 снежня 2021 года адпаведныя змены таксама ўнясуць у адзіны дзяржаўны рэгістр нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй і рэестр адрасоў Рэспублікі Беларусь цэнтралізавана ў межах сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія прадугледжваюцца Дзяржкаммаёмасці на маёмасныя адносіны, картаграфіі і геадэзіі.
За выдачу (афармленне) дакумента, якi сведчыць права на зямельны ўчастак, пошліна спаганяцца не будзе. Да памеры платы за дзяржаўную рэгістрацыю зямельных участкаў, правоў, абмежаванняў (абцяжаранняў) правоў на іх і ўнясенне выпраўленняў у дакументы рэгістра нерухомасці, а таксама да тарыфаў на паслугі па падрыхтоўцы звестак для дзяржаўнай рэгістрацыі і ўнясення выпраўленняў ўстанаўліваюцца паніжальныя каэфіцыенты.
Грамадзяне, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы будуць вызваленыя ад платы за ўнясенне змяненняў у дакументы, якія змяшчаюць звесткі аб адрасе.
Указ не пацягне неабходнасці апавяшчэння дзяржаўных органаў аб змене месца знаходжання юрыдычнай асобы, унясення змяненняў у дакументы, якія змяшчаюць звесткі аб адрасе (устаноўчыя дакументы, пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў, спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), дакументы аб рэгістрацыі грамадзян па месцу жыхарства і месцу знаходжання і іншыя). Адпаведныя змены ў дакументы ўносяцца адначасова з унясеннем у іх іншых змяненняў у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, i (або) па ініцыятыве юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў ці грамадзян.
Дзеянне дагавораў арэнды зямельных участкаў, межы якіх змяняюцца, захоўваецца да спынення тэрміну арэнды.
У сакавіку 2019 года аналагічным указам былі аптымізаваныя межы Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей і іх раёнаў.
Звязда, 5 красавіка 2021