Сярод апытаных дамашніх гаспадарак 55,4 працэнта адказалі, што цалкам задаволены жыллёвымі ўмовамі, 29,6 працэнта сказалі, што «хутчэй задаволены». «І так, і не» адказалі 6,4 працэнта апытаных, «хутчэй не задаволены» — 6,2 працэнта, «зусім не задаволены» — 2,4 працэнта. Пры гэтым настроі гарадскіх і сельскіх жыхароў крыху адрозніваюцца. Сярод першых цалкам задаволеных жыллёвымі ўмовамі больш — 58,1 працэнта, сярод вяскоўцаў — 46,2 працэнта. Хутчэй задаволены 27,7 працэнта жыхароў гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу і 36 працэнтаў жыхароў сельскай мясцовасці.
Акрамя таго, карціна мяняецца ад рэгіёна да рэгіёна. Так, у Брэсцкай вобласці і сталіцы цалкам задаволеных умовамі пражывання менш — 49,3 працэнта і 49,7 працэнта адпаведна. Затое ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях такіх больш — 62,7 працэнта і 63,9 працэнта адпаведна. У астатніх цалкам задаволены ад 53 да 59 працэнтаў рэспандэнтаў. Пры гэтым адказ «хутчэй не задаволены» далі 10,7 працэнта мінчан, 5,8 працэнта жыхароў Брэсцкага рэгіёна, 5,2 працэнта — Віцебскага, 5,9 працэнта — Гомельскага, 3,7 працэнта — Гродзенскага, 4,4 працэнта — Мінскага і 4 працэнты — Магілёўскага.
Большасць сем’яў таксама адзначаюць, што забяспечаны асноўнымі неабходнымі для жыцця прадметамі. Прыкладна з 2009 года стабільна больш як у 98 працэнтаў дамашніх гаспадарак ёсць тэлевізар. Халадзільнікі ёсць у 99,9 працэнта рэспандэнтаў, пральныя машыны-аўтаматы — у 92,4 працэнта, электрапыласосы — у 87,2 працэнта, мікрахвалевыя печы — у 76,4 працэнта. Пасудамыйкі набылі пакуль толькі 5,6 працэнта сем’яў, а музычныя цэнтры ёсць у 13,1 працэнта. Што нядзіўна, калі большасць аддае перавагу слуханню музыкі з тэлефона ў навушніках або ж з персанальнага камп’ютара (наяўнасць такога адзначана ў 71,2 працэнта дамашніх гаспадарак).
Звязда, 13 сакавіка 2021