https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сямейны капітал могуць распаўсюдзіць на нараджэнне другога дзіцяці


Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч 19 студзеня на прэс-прэзентацыі асноўных напрамкаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады расказала аб напрамках развіцця сямейнага капіталу ў бягучай пяцігодцы.
Эфектыўнасць такой меры дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных, як сямейны капітал, даказана лічбамі - колькасць дзяцей, народжаных трэцімі і наступнымі, у Беларусі расце.

"Гэты механізм неабходна развіваць. Мы ўжо ўдасканальвалі яго ў 2020 годзе", - сказала Ірына Касцевіч. Яна дадала, што міністэрства з пачатку бягучага года праводзіла ў рэгіёнах дыялогавыя пляцоўкі з удзелам шматдзетных маці і бацькоў, паступала шмат прапаноў па ўдасканаленні гэтай меры падтрымкі. Асабліва ў частцы пашырэння напрамкаў датэрміновага выкарыстання гэтых сродкаў.

"Прыкладна 90 працэнтаў сем`яў, якія атрымалі капітал датэрмінова, выкарыстоўваюць яго на будаўніцтва жылля. На сустрэчах гучалі розныя прапановы: пагашэнне запазычанасці па крэдытах грамадзян, якія самастойна заключылі адпаведныя дагаворы па паляпшэнні жыллёвых умоў, пагашэнне пазыкі на будаўніцтва жылля, выдадзенай арганізацыяй па месцы работы, купля долі ў праве ўласнасці на жылое памяшканне і іншыя прапановы, якія, мы бачым, у бягучай пяцігодцы знойдуць сваё адлюстраванне ў датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу", - сказала Ірына Касцевіч.

Пры гэтым важным новаўвядзеннем можа стаць пашырэнне ліку атрымальнікаў сямейнага капіталу - яго прапануюць распаўсюдзіць як падтрымку пры нараджэнні другога дзіцяці.

"Калі мы прастымулюем нараджэнне другіх дзяцей, тым самым створым нізкі старт для пераходу на ўзровень шматдзетнай сям`і. Таму плануем у бягучай пяцігодцы разгледзець эканамічную магчымасць распаўсюджвання сямейнага капіталу і на другіх дзяцей", - падкрэсліла міністр працы і сацабароны.

Таксама Ірына Касцевіч прывяла наступныя лічбы: на пяцігодку плануецца больш за Br16 млрд на выплату дзяржаўных дапамог сем`ям з дзецьмі. Аб`ём фінансавай падтрымкі расце. І больш за 60 працэнтаў у структуры ўсіх дапамог займае дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

На першае дзіця да 3 гадоў штомесяц выплачваецца Br428, калі ў сям`і ўжо выхоўваюцца старэйшыя дзеці і нараджаецца другое або наступнае, то сукупная дапамога дасягае Br618.

19 студзеня 2021, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:19.01.2021
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:383
 
Ключевые слова:
Соцзащита в Беларуси Семейный капитал Пятилетка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме