Больш за 120 кароў забяспечылі «разумнымі» ашыйнікамі з радыёмодулямі для дыстанцыйнага маніторынгу асноўных паказчыкаў іх здароўя. Пілотны лічбавы праект запушчаны на адным з сельгаспрадпрыемстваў Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Рашэнне ўяўляе сабой «разумны» ашыйнік з убудаваным IoT-датчыкам і спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Перадача дадзеных адбываецца па тэхналогіі NB-IoT. Супрацоўнікі сельгаспрадпрыемства дыстанцыйна ў рэжыме рэальнага часу могуць вызначыць найбольш аптымальны час эструса ў кароў і кантраляваць румінацыю — жавальны працэс, які характарызуе стан здароўя жывёлы.
Дадзеныя, атрыманыя з датчыкаў смарт-ашыйнікаў, захоўваюцца ў воблачным сэрвісе і дасяжныя персаналу на любой прыладзе праз вэб-браўзэр. Візуалізацыя дадзеных па актыўнасці і румінацыі ажыццяўляецца ў выглядзе падрабязных графікаў.
«Атрыманая з дапамогай разумных ашыйнікаў інфармацыя дае магчымасць павысіць эканамічную аддачу ад кожнай адзінкі буйной рагатай жывёлы. Акрамя таго, яна выкарыстоўваецца для маніторынгу стану здароўя статка. У цэлым дадзенае рашэнне аптымізуе працу супрацоўнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў», — пракаментаваў Іосіф Ляшкевіч, дырэктар сельгаспрадпрыемства «Сяльцы» Глыбоцкага раёна.
Рашэнне для сельскай гаспадаркі на аснове тэхналогіі NB-IoT распрацавана супольна з кітайскай кампаніяй AOTOSO. Такія смарт-ашыйнікі для жывёл выкарыстоўваюць сотні «разумных» малочных ферм Кітая, дзе прымяненне інтэлектуальных лічбавых прадуктаў ўжо даказала сваю эфектыўнасць. Акрамя таго, падобны вопыт укаранёны на фермах Вялікабрытаніі, Расіі, Чэхіі, ЗША і іншых краін.
Убудаваныя IoT-модулі ў «разумных» ашыйніках адрозніваюцца нізкім энергаспажываннем і здольныя прапрацаваць больш за 5 гадоў ад адной батарэйкі.
Звязда, 28 лістапада 2020