Прэзідэнт адзначыў, што наконт падзей у краіне не трэба асабліва напружвацца, як гэта падаецца ў СМІ, «але прыемнага тут мала».
«Галоўная прычына сітуацыі ў краіне — абсалютна знешняя»
«Ціхая, спакойная краіна. А вось у Мінску ніяк не можам галаву ўзяць у рукі і падумаць, як жыць далей. Але, я думаю, мы з гэтым справімся. Справімся абавязкова, у гэтым няма ніякага сумневу. Унутраная сітуацыя не проста ўскладнена, а яе галоўная прычына — знешняя. Не было б знешняга ціску і ўплыву, ніколі б гэтага ў Беларусі не было. Але мы перажывалі ўсякае. У нас пасля чарговых выбараў то машыны палілі, то з заточкамі бегалі, то Дом урада штурмавалі», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што на гэты раз знешнія сілы пасля выбараў «разышліся ва ўсю» і яшчэ раз выказаў надзею, што беларусы «справяцца і разбяруцца ва ўсім».
«Цяпер мы зразумелі, што такое АДКБ і для чаго нам гэта арганізацыя неабходна»
Прэзідэнт звярнуўся да тэмы існавання Дагавора аб калектыўнай бяспецы, адзначыўшы, што падзеі ў Беларусі і рэакцыя Расіі на іх падкрэсліваюць важнасць арганізацыі і неабходнасць яе развіцця.
«У маёй размове з Пуціным я як раз яму пра гэта сказаў, што цяпер мы зразумелі, што такое АДКБ і для чаго нам гэта арганізацыя неабходна», — дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі гадоў таму ў Беларусі была прынята новая ваенная дактрына, у ёй былі ўлічаны гібрыдная вайна і каляровая рэвалюцыя. «Прыкладна так магло быць у Беларусі, таму мы былі вымушаныя рэагаваць, у тым ліку дэманстраваць сілу. Мы паглядзелі ўвесь наш заходні рэгіён, прыстраляліся, кажучы па-ваеннаму, напэўна, гэта ўсё ж такі крыху абразуміла там, за межамі краіны, што мы маем добры кулак і можам вельмі сур’ёзна адказаць. Таму АДКБ быць, мы будзем вельмі актыўна ўдзельнічаць у гэтым. Нават калі гэта камусьці будзе не з рукі, мы ўсё роўна будзем працаваць», — заявіў Лукашэнка.
Ён выказаў пажаданне, «каб падчас беларускага кіраўніцтва ў АДКБ генеральны сакратар займаў тую пазіцыю, аб якой мы дамаўляліся, і падштурхоўваў членаў АДКБ да больш эфектыўнай працы». «Тут будзе абсалютная падтрымка з нашага боку»,— падкрэсліў Прэзідэнт.
Зась: Спадзяёмся, што саміт кіраўнікоў дзяржаў АДКБ удасца правесці ў вочным фармаце
Станіслаў Зась праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб падрыхтоўцы да пасяджэнняў статутных органаў, у тым ліку сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ
«Яна запланавана на 2 снежня ў Маскве. Распрацаваны парадак гэтага саміту, дастаткова насычаны, цяпер працуем над яго ўзгадненнем. Вельмі спадзяёмся, што атрымаецца правесці яго ў вочным фармаце з выкананнем бяспекі. Гэта было б вельмі правільна, тым больш улічваючы тую няпростую сітуацыю, у якой падыходзім да гэтага саміту. Ёсць пра што перагаварыць прэзідэнтам, ёсць што абмяркоўваць і ёсць разуменне, якія рашэнні трэба прымаць па сітуацыі, што склалася», — сказаў ён.
Генеральны сакратар АДКБ паведаміў, што пандэмія каранавіруса паўплывала і на дзейнасць арганізацыі. Частку мерапрыемстваў перанеслі ў анлайн-фармат, а некаторыя — на будучы год.
«Другая асаблівасць бягучага года таксама сёння абмяркоўвалася, — няпростая сітуацыя ў нашых дзяржавах. Гэта і Беларусь, і абвастрэнне канфлікту ў Нагорным Карабаху, і падзеі ў Кыргызскай Рэспубліцы. На жаль, сітуацыя развіваецца ўсюды вельмі складана. Хаця ў Кыргызстане сітуацыя ўваходзіць у прававое поле і спадзяёмся, што ў бліжэйшыя тыдні стабілізуецца», — выказаў надзею генсек АДКБ.
Ён адзначыў паспяховыя спробы наладзіць дыялог паміж бакамі канфлікту ў Нагорным Карабаху, ідуць размовы і аб міратворцах у гэтым рэгіёне.
Абмяркоўвалі на сустрэчы і міратворчыя вучэнні, што ідуць гэтымі днямі ў Беларусі. Яны планавыя, ніяк не звязаны з сітуацыяй у Беларусі, падкрэсліў Зась. Па словах генсека, асаблівасць іх у тым, што амаль усе ўдзельнікі маюць вопыт міратворчых аперацый. Упершыню на такіх мерапрыемствах разгортваюць міратворчую місію з ліку супрацоўнікаў сакратарыяту АДКБ і аб’яднанага штабу.
Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 15 кастрычніка 2020
Звязда, 15 кастрычніка 2020