Тэкст і фармат бюлетэняў на выбарах устанаўлівае Цэнтральная выбарчая камісія, гэта прадугледжана Выбарчым кодэксам Беларусі, сказаў журналістам кіраўнік ЦВК рэспублікі Ігар Карпенка.
Ён нагадаў, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская, і ў пытанні з бюлетэнямі ЦВК выканаў усе працэдуры ў адпаведнасці з заканадаўствам.
"Мы ў адкрытым публічным фармаце (была трансляцыя на сайце ЦВК у рэжыме анлайн), разгледзелі і прынялі пастанову адносна бюлетэня. Прынялі калегіяльнае рашэнне, за якое прагаласавалі. Значыць, гэтае рашэнне павінна выконвацца ўсімі дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі, якія прымаюць удзел у галасаванні", - адзначыў Карпенка.
Кіраўнік ЦВК падкрэсліў, што ўсе грамадзяне краіны ведаюць дзве дзяржаўныя мовы, якія вывучаюцца ў школе і іншых навучальных установах. Ён мяркуе, што прозвішча, імя і імя па бацьку кандыдатаў і некаторыя іх біяграфічныя даныя, зазанчаныя ў бюлетэні на беларускай мове, не будуць выклікаць цяжкасць у беларусаў.
Разам з тым інфармацыя аб кандыдатах – у тым ліку на рускай мове – будзе размешчана на тэматычных стэндах на ўчастках для галасавання.
Ён нагадаў, што цяпер у Беларусі пражываюць прадстаўнікі каля 150 нацый і народнасцей, у якіх таксама ёсць свае моўныя перавагі. Але яны з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а значыць, павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы.
"Таму некаторым такім грамадзянам, якія праяўляюць гэту непатрэбную актыўнасць адносна таго, на якой мове будзе выпушчаны бюлетэнь, (парада такая): прыйсці на выбарчы ўчастак, уважліва, папярэдне азнаёміцца з данымі кандыдатаў і зрабіць свой свядомы выбар", - сказаў на заканчэнне Карпенка.
Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 26 студзеня, датэрміновае галасаванне – з 21 па 25 студзеня.