https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі ўшаноўвалі памяць ахвяр Хатынскай трагедыі


Штогод 22 сакавіка беларусы ўспамінаюць журботную дату — Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. У гэты дзень у 1943 годзе карнікі ўвайшлі ў вёску Хатынь. Яе жыхароў сагналі ў хлеў і падпалілі, а тых, хто выбягаў — расстрэльвалі. Усяго было знішчана 149 жыхароў і, што самае страшнае, сярод іх было 75 дзяцей...
Беларусь памятае пра тую страшную трагедыю, пра нечалавечыя зверствы фашыстаў і іх памагатых. Яскравы доказ таму — масавае ўсенароднае ўскладанне кветак да мемарыяльнага комплексу «Хатынь», якое адбылося ў гэтую суботу. Аддаць даніну памяці ахвярам Хатынскай трагедыі прыехалі тысячы беларусаў з усіх куткоў нашай краіны.

22 сакавіка — гэта дзень усенароднага болю, свята са слязамі на вачах... І сапраўды: звон званоў, бясконцая цішыня, імёны тых людзей, якія больш ніколі не загавораць, дзяцей, якія ніколі не засмяюцца — знаходзіцца ў гэтым святым для беларусаў месцы заўсёды цяжка. Тым не менш у мемарыяльны комплекс «Хатынь» штогод прыязджаюць людзі, каб хай нават праз слёзы і боль аддаць даніну памяці. І ў гэтую суботу тут таксама было асабліва шматлюдна. Сярод тых, хто прыехаў ускласці кветкі, памаліцца за загінулых беларусаў, — кіраўніцтва парламента, урада, Адміністрацыі Прэзідэнта.

Першым да Вечнага агню лёг вянок ад Прэзідэнта Беларусі як сімвал таго, што ўся краіна сёння смуткуе, успамінаючы жыхароў Хатыні, а таксама жыхароў беларускіх вёсак, якія падзялілі яе лёс. Такіх населеных пунктаў 288, часткова або цалкам знішчаных — больш за 12 тысяч. 

«Беларусь — гэта жывы помнік той вайне»

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што ў нашай краіне памяць — святая: «І мы стараемся яе перадаваць з пакалення ў пакаленне. Таму што для нас гэта скрэпы нашага патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Няма такой сям’і ў Беларусі, якой бы не кранула гэтая трагедыя. Як можна забыцца, калі гэта датычыцца тваёй сям’і?» — адзначыла спікер.

Войны прыходзілі на нашу зямлю не па нашай ініцыятыве, падкрэсліла Наталля Качанава: «Гэта страшная трагедыя. Людзі разумеюць гэта і цэняць мір. Самае галоўнае для чалавека — гэта мір, магчымасць жыць, ствараць сем’і, нараджаць дзяцей і не баяцца за іх будучыню. Не баяцца, што заўтра адбудзецца гэтая страшная трагедыя, якая была 82 гады таму тут, на гэтым месцы, на святым для нас месцы. А такіх месцаў у Беларусі вельмі шмат. І правільна гаворыць наш Прэзідэнт, што Беларусь — гэта жывы помнік той вайне. Мы павінны цаніць, што мы жывём у мірнай краіне», — дапоўніла спікер.

«Трэба берагчы, шанаваць мір, сваіх родных і блізкіх»

Складана нават уявіць, бываючы тут, што адчувала маці, якая была зачыненая ў гэтым хляве і разумела, што не зможа абараніць сваіх дзяцей, сказаў у размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка: «Складана ўявіць і тое, што адчувалі людзі, сваякі, якія прыходзілі на гэтыя папялішчы пасля вайны ў надзеі знайсці нейкія сляды сваіх родных. Вось гэта трэба разумець. Трэба берагчы, шанаваць мір, сваіх родных і блізкіх». 

Спікер адзначыў: «Мы можам захаваць памяць, па-першае, бываючы тут, распавядаючы пра такія месцы і помнікі, пра канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі на старонках нашых выданняў. І гэта памяць, напэўна, перадаецца з пакалення ў пакаленне. І важна перадаваць яе ад старэйшага да малодшага, каб у гэтыя месцы прыходзілі маладыя людзі. Хатынь — гэта памяць і адначасова боль. Мы прыходзім сюды, каб пакланіцца памяці людзей, якія згінулі ў гарніле вайны, якія былі знішчаны ў гэтым хляве, спалены жыўцом. Тут адчуваеш гэты звярыны ашчэр нацызму». 

«За апошнія гады мы зрабілі вельмі многае, каб захаваць памяць беларускага народа і адстаяць сваю праўду»

Цяпер ужо няма белых плямаў, гісторыя гэтай трагедыі адноўленая пахвілінна. Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой: «За апошнія гады мы зрабілі вельмі многае, каб захаваць памяць беларускага народа і адстаяць сваю праўду. Велізарная праграма па аднаўленні помнікаў і мемарыялаў, таксама вядзецца работа ў рамках расследавання злачынстваў генацыду беларускага народа, дазваляючы адкрываць абсалютна новыя факты. Радуе і колькасць моладзі, уцягнутай у пошукавыя атрады па рабоце з нашымі архівамі, новымі даследаваннямі і кнігамі». 

Ён падкрэсліў, што Хатынь — гэта адно з месцаў сілы кожнага беларуса: «Гісторыя гэтай трагедыі адноўленая пахвілінна.

Працягваецца завочны суд над катамі Хатыні — 118-ы паліцэйскі батальён, усе яны практычна ўстаноўленыя. Таксама працягваецца разбор архіваў і ў Германіі, у Польшчы, і ў Расіі. Бо гэта дата, мне здаецца, па-асабліваму адклікаецца ў сэрцах беларусаў.

Мемарыяльны комплекс наведала ўжо больш за 40 мільёнаў чалавек з моманту яго адкрыцця. Тут бываюць усе замежныя дэлегацыі, якія прыязджаюць з розным узроўнем візітаў у нашу краіну. Госці застаюцца пад велізарным уражаннем і дзякуюць беларусам за тое, што мы так беражліва захоўваем сваю гісторыю. У той жа час нашы гісторыкі не спыняюць сваю работу, і, пакуль мы не ўстановім апошняга загінулага і апошняга вінаватага трагедыі генацыду беларускага народа на нашай зямлі, яна не спыніцца».

Працоўныя калектывы, сем’і, школьнікі — сёння людзі наведваюць мемарыяльны комплекс «Хатынь» па закліку сэрца, падкрэсліў Дзмітрый Крутой: «Гэты дзень з кожным годам набывае ўсё больш асаблівы сэнс для нашых жыхароў. І, дзякуючы гэтаму, тая страшная трагедыя ніколі не будзе забытая».

«Такога маштабнага знішчэння людзей не ведала ні адна краіна свету»

Генацыд беларускага народа — гэта адна з самых страшных старонак не толькі ў нашай гісторыі, але і ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Пра гэта заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед: «Па выніках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа мы робім выснову, заснаваную на доказе, што такога маштабнага знішчэння людзей не ведала ні адна краіна свету. На сёння намі ўстаноўлена 587 лагераў смерці, больш за 180 буйных карных аперацый, былі спалены поўнасцю або часткова больш за 12 300 населеных пунктаў, і гэта сумная лічба, на жаль, кожны дзень па выніках расследавання павялічваецца». 

Паводле яго слоў, расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе — гэта агульнанацыянальны праект, які закрануў усіх і кожнага, не толькі дзяржаўныя органы, але і ўсіх неабыякавых людзей, таму што вельмі важна, каб да кожнага месца масавага знішчэння людзей не зарастала народная сцежка. Гэта прыярытэт ўсёй нашай работы.

Што датычыцца падзей, звязаных з ушанаваннем памяці ахвяр генацыду, сёння па ўсёй краіне праводзяцца розныя акцыі: «І вельмі важна, што да гэтых мерапрыемстваў далучаецца наша моладзь. Толькі тады, калі нашы дзеці і ўнукі будуць распавядаць будучым пакаленням пра зверствы фашыстаў і іх памагатых, тады наша сумесная работа будзе мець свой плён, і мы будзем лічыць, што дамагліся свайго выніку», — дадаў Андрэй Швед

Сёння адкрываюцца новыя факты злачынстваў. «Лёс Хатыні стаў доляй не менш за 288 населеных пунктаў. Калі раней доўгія гады лічылася, што 186 вёсак, то сёння гэтая лічба значна большая і, на жаль, яна будзе павялічвацца. Знішчалі ўсіх запар, нікога не шкадавалі. Мы павінны памятаць, стаяць на каленях перад тымі, хто здабываў Перамогу, памятаць аб усіх ахвярах тых нявінна забітых, каго замучылі фашысты і іх памагатыя, аддаваць даніну памяці як мага часцей, не толькі ў святы і памятныя даты, але і па закліку сэрца кожны дзень», — падагульніў ён. 

«Сімвал пакут і сведчанне найвышэйшай мужнасці народа, які выстаяў у страшнай вайне»

Сёння мы знаходзімся тут у чарговую гадавіну Хатынскай трагедыі, аддаём даніну памяці і глыбокай павагі нашым суайчыннікам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта расказаў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч: «Не толькі беларускаму народу, а ўсім народам вялікага Савецкага Саюза, які закранула гэтая бяда ваеннага ліхалецця. Такія мемарыяльныя комплексы, як Хатынь і ў іншых месцах — гэта, перш за ўсё, сімвал пакут і сведчанне найвышэйшай мужнасці народа, які выстаяў у страшнай вайне, народа, які перамог фашызм, ачысціў не толькі сваю краіну, але і многія краіны Еўропы ад карычневай чумы фашызму. Гэта, напэўна, бясцэнная крыніца гістарычнай памяці народа, які сапраўды адчуў на сабе трагедыю той вайны. А сёння вельмі важна памятаць і як мага часцей прыходзіць на такія месцы, прыводзіць дзяцей, моладзь і расказваць на жывых прыкладах, гістарычных прыкладах тыя гістарычныя факты».

Паводле яго слоў, сёння ў свеце развязана інфармацыйная вайна, у тым ліку супраць нашай краіны: «Інфармацыйная вайна нацэлена на перапісванне гісторыі, на фальсіфікацыю падзей, на перафарматаванне думак і кірункаў у галовах нашай моладзі. Таму ў Беларусі пытанні гістарычнай памяці аднесены да нацыянальных інтарэсаў, і мы гэтыя нацыянальныя інтарэсы абараняем, прыходзячы сюды, успамінаючы, кажучы, прыводзячы моладзь. Такія моманты — гэта свайго роду прышчэпка, імунітэт ад тых выклікаў і пагроз, якія сёння ў інфармацыйным плане развязаныя супраць суверэнных дзяржаў і народаў, і ў Беларусі гэта выдатна разумеюць. Наша краіна нацэлена на забеспячэнне бяспекі, міру. І вось такімі, у тым ліку мерапрыемствамі, такімі ўчынкамі мы ўносім лепту ў забеспячэнне бяспекі. Такім чынам мы абараняем свае нацыянальныя інтарэсы, таму што сёння гэта патрабуе жыццё. Калі не будзем абараняць,не будзем памятаць, тады гісторыю перапішуць, і мы акунемся ў бездань таго, што было 80 гадоў таму. Мы гэтага не хочам. Таму важна памятаць, шанаваць, выхоўваць моладзь на гістарычных прыкладах, на прыкладах памяці нашых продкаў, якія сапраўды былі вялікім пакаленнем пераможцаў», — падагульніў Аляксандр Вальфовіч

«Мы ўсведамляем, што павінны перадаць памяць аб гэтай трагедыі наступным пакаленням»

Мы павінны памятаць дзеля таго, каб падрастаючае пакаленне разумела, што ў іх венах цячэ кроў пераможцаў. Пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік: «Гэта былі людзі, у якіх было вельмі шмат планаў. Яны хацелі проста жыць на сваёй зямлі, вырошчваць хлеб, гадаваць сваіх дзяцей. І хтосьці вырашыў, што гэта няправільныя людзі, што ён можа адымаць чыёсьці жыццё. У гэтыя моманты мы адчуваем смутак, а асноўнае — мы ўсведамляем, што павінны перадаць памяць аб гэтай трагедыі наступным пакаленням. Мы ўсе павінны памятаць, але не помсціць, а каб не дазволіць нікому зноў пачаць дзяліць людзей на правільных і няправільных. Памятаць дзеля таго, каб наша падрастаючае пакаленне разумела, што ў іх венах цячэ кроў пакалення пераможцаў, якое, нягледзячы на ўсе жахі вайны, выстаяла і перамагло». 

Ён адзначыў, што сучаснае пакаленне ў адказе перад тымі, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны:

«Дэмаграфічныя наступствы той страшнай вайны мы адчуваем дагэтуль. Мы павінны памятаць пра тых, хто не дажыў да гэтага моманту, і быць вартымі іх, зрабіць усё, каб, абапіраючыся на гэты падмурак, наша краіна развівалася, каб тут гучаў дзіцячы смех, каб нашы любімыя беларускі нараджалі дзяцей, каб гэтыя дзеці заўсёды без страху глядзелі ў неба, каб мы забяспечылі мір і стабільнасць на нашай зямлі». 

«У беларускім народзе закіпае пачуццё справядлівасці і гонару за продкаў, якія заваявалі мір і вызвалілі планету ад карычневай чумы»
Беларусы не могуць мірыцца з агрэсіўнымі нацысцкімі выказваннямі аб нашай краіне. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў: «Па-першае, міжнародная абстаноўка змяняецца, па-другое, тая нацысцкая пагроза, якая, як нам здавалася, была канчаткова знішчана Савецкай Арміяй і саюзнікамі ў 1945 годзе, зноў падымае галаву. У тым ліку ў краінах, якія калісьці ўваходзілі ў Савецкі Саюз і ў сацыялістычны лагер. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму нам здавалася, што гэта немагчыма. Беларусы жылі з адчуваннем, што ўстанавіўся баланс у цывілізаваным свеце. Мы памыляліся, думаючы, што рэваншысцкія настроі ў дачыненні да нас зніклі. Паглядзіце, што адбываецца цяпер, якія выказванні і тэрміналогія выкарыстоўваюцца, калі пра беларусаў кажуць як пра людзей другога гатунку, калі нас называюць «унтэрменшамі», як пісалася ў фашысцкіх дакументах. Тады ў беларускім народзе закіпае пачуццё справядлівасці і гонару за продкаў, якія заваявалі мір і вызвалілі планету ад карычневай чумы». 

На яго думку, беларусы не могуць дазволіць сабе мірыцца з маніпуляцыямі і агрэсіўнымі нацысцкімі выказваннямі аб нашай краіне: «Менавіта таму народ згуртоўваецца. Мы прыходзім не толькі ў знакавыя даты, як сёння, у Хатынь і ў іншыя мемарыяльныя комплексы, каб прыцягнуць увагу ўсёй цывілізаванай грамадскасці да трагедый, якія адбыліся на беларускай зямлі, да лёсу мірных людзей — старых, дзяцей і жанчын, якія былі знішчаныя, спаленыя жыўцом па плане «Ост»». 

Акрамя таго, беларусы памятаюць, што Хатынь знішчылі менавіта калабарацыяністы, падкрэсліў Уладзімір Пярцоў: «У савецкі час пра гэта замоўчвалі, таму што была дружба народаў, але такія батальёны існавалі ў постсавецкіх рэспубліках, захопленых фашыстамі. Напрыклад, карныя аперацыі на поўначы Беларусі, у Полацкім і Верхнядзвінскім раёнах, ажыццяўляліся ў асноўным фашысцкімі нацыяналістычнымі фарміраваннямі, такімі як Вафен-СС і іншымі. Гэтыя людзі, як распавядалі відавочцы, былі яшчэ больш бесчалавечнымі, чым немцы, якія прыходзілі на нашу зямлю. Калабарацыяністы выслужваліся, спрабавалі даказаць сваім новым гаспадарам, што не маюць ніякага дачынення да савецкага народу, да тых, каго яны знішчалі. Гэта, напэўна, самае вялікае зло Вялікай Айчыннай вайны, калі яна ператваралася збольшага ў братазабойчую трагедыю. Але такіх людзей былі адзінкі: большасць супраціўлялася акупантам і паліцаям». 

«Хатынь — знакавае месца смутку для ўсіх жыхароў нашай краіны, ды і не толькі»

Цынізм карнікаў не паддаецца асэнсаванню. Такім меркаваннем падзяліўся старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў. Ён расказаў, што супрацоўнікі ведамства прымаюць непасрэдны ўдзел у расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Калі зараз высвятляецца, наколькі шмат белых плям у гісторыі, якія страшныя злачынствы рабіліся на нашай зямлі, разумееш, што гэта і быў сапраўдны генацыд. У расстрэльных ямах мы знаходзім астанкі жанчын, падлеткаў, маленькіх дзяцей. Знішчалі планава, з эканамічнай выгадай», — падкрэсліў ён.

Ён адзначыў: «Пасля таго, як пакідаеш Хатынь, яшчэ хвілін трыццаць-сорак не хочацца нічога казаць. Думаеш пра людзей, якія загінулі тут пакутлівай смерцю. Пра дзяцей, якія не выраслі, не пасталелі. Хатынь — знакавае месца смутку для ўсіх жыхароў нашай краіны, ды і не толькі. Гэта сведчанне генацыду, якому падвергліся нашы продкі». 

«Пакуль наша маладое пакаленне прыходзіць на такія мемарыялы, даглядае помнікі, будзе мір і парадак на нашай зямлі»
Пакуль мы будзем памятаць нашых калег, памятаць нашых герояў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, заўсёды будзе мір і парадак. Аб гэтым расказаў міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў: «Мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне тую памяць, памяць пра герояў, таму што сёння, на жаль, мы ўсе выдатна разумеем, хто забывае, а хто перапісвае — што адбываецца ў гэтых краінах. Таму мы шануем, памятаем, і сёння, у гэты дзень, успомніць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны прыйшлі нашы курсанты». 

Самаму малодшаму ўдзельніку ад дэлегацыі МУС Сямёну ўсяго 6 гадоў. «Ён выхаванец ваенна-патрыятычнага клуба «Арляняты». З самага дзяцінства яго бацькі распавядаюць і паказваюць яму пра тыя рэчы, што нельга забываць, што галоўная задача — захаваць мір на нашай зямлі. І я ўпэўнены: пакуль наша маладое пакаленне прыходзіць на такія мемарыялы, даглядае помнікі, у нас усё будзе добра, будзе мір і парадак на нашай зямлі», — адзначыў міністр. 

Сямён расказаў журналістам, што ўжо восенню пойдзе ў школу: «Мне вельмі падабаецца ў ваенна-патрыятычным клубе, там я займаюся спортам і, самае галоўнае, разам з іншымі хлапчукамі і дзяўчынкамі вучуся абараняць Радзіму». 

«Спапялёныя шрамы на роднай Беларусі, якія нельга забыць»
Беларусь у розныя этапы свайго развіцця, станаўлення, амаль гібелі і адраджэння прайшла праз такія гістарычныя падзеі, якія, з пункту гледжання разумнага чалавека, наогул ніколі нельга забываць для таго, каб іх ніколі не дапусціць і прадухіліць у выпадку ўзнікнення чаго-небудзь падобнага, падкрэсліў міністр па надзвычайных сітуацыях генерал-маёр унутранай службы Вадзім Сіняўскі: «І сёння — адна са знакавых дат, якую ўся Беларусь памятае — 22 сакавіка 1943 года, калі фашысты знішчылі жыхароў вёскі Хатынь. Сёння гэта фактычна помнік усім спаленым і знішчаным вёскам у нашай краіне. Расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа, подзвіг герояў Брэсцкай крэпасці, бітва за Магілёў, партызанскі рух па ўсёй краіне, знакаміты прарыў ва Ушачах і многія іншыя падзеі — спапялёныя шрамы на роднай Беларусі, якія нельга забыць». 

Таму ўсе цывілізаваныя людзі сёння памятаюць пра гэтыя падзеі, распавядаюць пра гэта сваім дзецям. «Гэтая памяць святая для кожнага грамадзяніна нашай краіны», — упэўнены міністр. 

«Будзем беражліва і свята захоўваць памяць аб той трагедыі, якой падвергнуўся наш народ»

«Любы чалавек, у якога ёсць сэрца, тут, у Хатыні зразумее, чаму мы так цэнім мір», — заявіў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін

У размове з журналістамі кіраўнік ваеннага ведамства падкрэсліў сакральны сэнс мемарыяльнага комплексу «Хатынь» і адзначыў важнасць захавання гістарычнай памяці: «Прыходзім мы сюды, каб у цішыні, пад звон званоў нашай Хатыні, пакланіцца памяці загінуўшых. Каб самім сабе нагадаць трагічную гісторыю, якую прайшоў наш народ. Можна выкарыстаць шмат слоў, распавядаючы нашу гісторыю, а можна прыехаць у гэта святое месца і ўбачыць на свае вочы. Любы чалавек, у якога ёсць сэрца, тут, у Хатыні зразумее, чаму мы так цэнім мір». 

У нашай краіне праходзіць расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. «У рамках крымінальнай справы ваеннаслужачыя Узброеных Сіл і спецыялісты 52-га пошукавага батальёна сумесна з супрацоўнікамі пракуратуры і Следчага камітэта ўжо адпрацавалі больш за 100 аб’ектаў пошуку. На жаль, спісы загінулых, ды і катаў-карнікаў, становяцца ўсё большымі. Мы робім гэта не таму, што хочам прад’явіць рахунак нашчадкам катаў, а таму, што бачым, як на абломках помнікаў падымае галаву сучасны неанацызм. Мы ведаем і бачым на прыкладзе суседніх краін, да чаго гэта можа прывесці. Мы больш не хочам паўтарэння трагічнай гісторыі нашай зямлі. Таму мы будзем прыходзіць сюды самі, распавядаць нашым дзецям, будзем беражліва і свята захоўваць памяць аб той трагедыі, якой падвергнуўся наш народ. Мы будзем гэта рабіць, каб гэтая трагедыя не паўтарылася. Каб звон званоў Хатыні заўсёды аберагаў нас». 

Міністр абароны адзначыў значнасць ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі: «Мы надавалі і працягваем надаваць увагу ваенна-патрыятычнаму выхаванню дзесьці нават з падвоенай або патроенай сілай. Разумеючы, што сёння ідзе барацьба за розумы нашых дзяцей, мы ні ў якім разе не павінны аддаць сэрцы і душы нашых дзяцей нашчадкам тых катаў, каб яны ні нас, ні нашу зямлю не падвергнулі трагедыі. Мы займаліся і будзем займацца патрыятычным выхаваннем нашай моладзі. І мы бачым, што нашым дзецям гэта падабаецца». 

«З кожным годам неабходнасць захавання памяці, яе правільнай інтэрпрэтацыі ўсё больш і больш мае значэнне»

Сучаснаму пакаленню неабходна перадаць ген беларускасці і стойкасці. Пра гэта сказаў журналістам міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў

«Мы нейкі час таму спрабавалі з-за нейкіх інтэрнацыянальных рэчаў забыць такога роду моманты, як трагедыя ў Хатыні, якія трагічнымі старонкамі ўпісаны ў нашу гісторыю. З кожным годам неабходнасць захавання памяці, яе правільнай інтэрпрэтацыі ўсё больш і больш мае значэнне. Асабліва важная перадача гэтых ведаў, таго, што мы яшчэ памятаем па расказах жывых сведак таго часу, — нашай моладзі, дзецям. Каб яны гэты ген беларускасці, стойкасці, выжывальнасці ў такіх умовах самі адчувалі і перадалі наступным пакаленням. Гэта вельмі важна». 

Такія помнікі — жывое сведчанне таго часу. «Гэта як напамін тым, хто з мячом прыходзіць на беларускую зямлю. Што прыйдзеце ў чарговы раз — гэтак жа і пойдзеце, а помнікі будуць аб вашых гнюснасці і цёмных справах нагадваць будучым пакаленням», — дадаў Максім Рыжанкоў.

Міністр расказаў, што трагедыя, падобная да той, што здарылася ў Хатыні, ёсць і ў гісторыі яго сям’і. У 1943 годзе была спалена вёска, дзе загінулі многія яго сваякі: «Толькі мая бабуля разам са сваім братам, якія сышлі да гэтага на фронт, засталіся жывыя. Для мяне захаванне памяці — пытанне ўнутранага перакананні ў праваце таго, што мы робім, праваце нашай перамогі тады, нашых дзеянняў сёння і нашай перамогі заўтра». 

Кіраўніка МЗС таксама папрасілі пракаментаваць той факт, што прадстаўнікі шэрагу краін Еўрасаюза напярэдадні Хатынскай трагедыі фактычна інкогніта наведалі мемарыяльны комплекс. Яны пажадалі, каб іх прыезд не асвятляўся ў прэсе. «Мне цяжка сказаць, з чым гэта звязана. Нейкая хітрасць ва ўсім гэтым ёсць. З аднаго боку, краіны ўзбройваюцца, ва ўсіх сваіх дактрынах запісваюць Беларусь і Расію як галоўныя крыніцы пагроз, ставяць задачу па стварэнні адзінай арміі Еўропы, вядуць пошукі 800 мільярдаў толькі на бліжэйшыя праграмы ўзбраення. Цяпер яны адначасова са сваімі такімі планамі, найвышэйшым узроўнем русафобіі і антыбеларускасці прыязджаюць сюды, успамінаюць і ўскладаюць», — адзначыў ён.

Максім Рыжанкоў выказаў здагадку, што такім чынам гэтыя краіны ў асобе іх прадстаўнікоў жадаюць хоць так паказаць сваю нібыта міралюбнасць і пакаянне: «Насамрэч мы ж бачым, што гэтага раскаяння няма. Гэта чыста афіцыйныя такія знакі ўвагі. І тое, што без камер, без якіх-небудзь СМІ, — гэта толькі кажа пра тое, што шчырасці ў гэтым няшмат», — канстатаваў ён.

«Мы не маем права забываць тое, што тут адбывалася 82 гады таму»
Як толькі мы страцім гэтую памяць, трагедыя можа паўтарыцца. Пра гэта заявіў міністр інфармацыі Марат Маркаў. Ён адзначыў, што наведванне Хатыні стала штогадовай традыцыяй для многіх беларусаў і гасцей краіны: «Мы кожны год сюды прыязджаем, і, напэўна, многія прыязджаюць, і не адзін раз. Разам з дзецьмі, разам з калегамі, сябрамі, якія прыязджаюць з усяго свету ў Беларусь, каб наведаць гэтае месца. Гэта адбываецца, напэўна, з адной вельмі важнай мэтай: мы не маем права забываць тое, што тут адбывалася 82 гады таму. Проста не маем права». 

Міністр інфармацыі нагадаў, што трагедыю Хатыні падзялілі больш за 280 беларускіх вёсак, знішчаных разам з жыхарамі, і больш за 12 тысяч вёсак, часткова або цалкам разбураных вайной. Марат Маркаў выказаў занепакоенасць спробамі сказіць гістарычную праўду і прымусіць забыцца пра ролю беларускага народа ў перамозе над фашызмам: «Нас цяпер спрабуюць прымусіць забыцца, што мы былі пераможцамі ў гэтай вайне, што мы зламалі хрыбет фашызму». 

Паводле яго слоў, для таго, каб гэтая памяць ад нас не сышла, мы абавязаны тут быць кожны дзень, абавязаны прыводзіць сюды сваіх дзяцей, сваіх унукаў: «Таму што як толькі мы страцім памяць, гэтая трагедыя можа паўтарыцца. І я шчыра скажу: людзі, якія хочуць памятаць і адчуваць сябе нашчадкамі гэтых пераможцаў, павінны сюды прыехаць хоць бы адзін раз у год, паслухаць гэтую звонкую цішыню, якая, напэўна, толькі тут прысутнічае, адчуць яе ўсім целам, кожнай клеткай сваёй скуры. І тады, напэўна, мы будзем лічыцца людзьмі. Калі мы не перастанем памятаць, значыць, усё ў нашай краіне будзе добра. Я вельмі спадзяюся, што прынамсі тыя, хто прыйшоў сюды сёння, яны гэта разумеюць». 

«Мы павінны памятаць і зрабіць усё, каб захаваць мір, каб наша краіна была квітнеючай і суверэннай»

У школах Беларусі дзейнічае больш за 5,5 тысячы экспазіцый, прысвечаных генацыду нашага народа, створана звыш 2,5 тысячы музеяў або музейных пакояў. Пра гэта расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец: «Пакуль не зарасце сцежка да помнікаў, мы будзем памятаць гісторыю, а значыць, наш народ будзе мець будучыню. Таму сёння ва ўстановах адукацыі мы праводзім работу па ўвекавечанні памяці аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У школах дзейнічае больш за 5,5 тысячы экспазіцый, прысвечаных генацыду нашага народа. 

Створана больш за 2,5 тысячы музеяў і музейных пакояў. Акрамя таго, у кожнай установе адукацыі вядзецца кніга памяці, у якую навучэнцы, школьнікі ўносяць дадзеныя аб сваіх прадзедах, якія ваявалі. Дзякуючы гэтаму яны ўсведамляюць, што подзвіг, які здзейсніў савецкі народ, — гэта подзвіг кожнай сям’і. Мы павінны памятаць гэта і зрабіць усё, каб захаваць мір, каб наша краіна была квітнеючай і суверэннай».

У сям’і міністра адукацыі ёсць традыцыя кожны год напярэдадні Дня Перамогі прыязджаць у Хатынь з дзецьмі: «Тут няма ніводнага дома, сёння сімвалічна пазначанага званамі, у якім не было б дзяцей. Мы расказваем, якая страшная трагедыя адбылася з такімі ж маленькімі дзецьмі. Яны разумеюць, як гэта страшна, спачуваюць тым дзецям. Упэўнены, яны будуць захоўваць і шанаваць памяць аб Хатыні»

«Мы і далей будзем рабіць усё для таго, каб больш такой трагедыі ніколі не дапусціць»

«Кожны год я бачу, што людзей ўсё больш і больш прыходзіць сюды, каб аддаць даніну павагі, — адзначыў міністр культуры Руслан Чарнецкі. — Гэта добра, гэта сведчанне таго, што беларусы памятаюць. 82 гады прайшло, але мы ўсё роўна памятаем і ні ў якім разе не забываем тое, што зрабілі з намі гэтыя нелюдзі. Мы і далей будзем рабіць усё для таго, каб больш такой трагедыі ніколі не дапусціць».

З боку Міністэрства культуры, паводле яго слоў, заўсёды рабілася ўсё для захавання гістарычнай памяці: «Здымаюцца фільмы, ставяцца спектаклі, пішуцца песні, вершы, раманы і многае іншае. Галоўнае, каб было як мага больш матэрыялу, каб захаваць гэтую памяць. Усе выдатна ведаюць, што вось ужо тры гады генеральная пракуратура вядзе расследаванне крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа. А зусім нядаўна мастацкі савет прыняў двухсерыйны фільм пра генацыд. Я думаю, хутка ён выйдзе на экраны. У фільме пра генацыд беларускага народа генеральная пракуратура апублікуе новыя факты пра тыя зверствы, якія рабіліся тут, на нашай зямлі, больш за 80 гадоў таму падчас Вялікай Айчыннай вайны». 

«Там былі мае равеснікі. Гэта страшна...»

У гэты жалобны дзень на мемарыяле — бясконцыя патокі людзей. Многія прыехалі сем’ямі, каб паказаць сваім дзецям гісторыю, застылую ў камені. Сярод іх — сям’я Кур’янчык, якая прыехала з Вілейкі. Маленькая Маша, якой споўнілася ўсяго восем гадоў, гісторыю пра спаленую фашыстамі вёску Хатынь пачула ў школе. Менавіта яна стала ініцыятарам таго, каб 22 сакавіка прыехаць з бацькамі на мемарыял. «Дачка так уразілася пачутым, што папрасіла прывезці яе ў гэтае месца. Мы не змаглі ёй адмовіць», — расказаў яе тата Аляксандр. Ён таксама ўспомніў, што сам яшчэ школьнікам бываў на мемарыяле. 

«Гэта не проста традыцыя, якая павінна працягвацца з году ў год. Гэта, перш за ўсё, наша памяць пра людзей, дзякуючы якім мы жывем сёння пад мірным небам», — падзялілася мама Юлія, падкрэсліўшы, што, калі Маша падрасце, яны абавязкова прыедуць сям’ёй у новы музей Хатыні. «У школе нам расказалі, колькі вёсак спалілі ў гады вайны фашысты. Я цяпер ведаю гісторыю, як яны сагналі людзей у хлеў і падпалілі. Там былі мае равеснікі. Гэта страшна...» — адзначыла Маша. 

На думку бацькоў дзяўчынкі, сёння вельмі важна прыводзіць дзяцей на такія знакавыя месцы, прывіваць падрастаючаму пакаленню любоў да Радзімы: «Аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны трэба расказваць любому чалавеку, не толькі дзіцяці. Кожны беларус павінен ведаць сваю гісторыю, каб не дапускаць паўтарэння тых трагічных падзей. Важна даносіць да людзей, якой цаной дасталася нам Перамога, і ў якой выдатнай краіне мы жывем сёння, наколькі шчаслівыя нашы дзеці ў параўнанні з тымі, хто спазналі жахі той вайны». 

Мемарыяльны комплекс «Хатынь» — святое месца для кожнага беларуса, месца, якое павінен наведаць кожны. Асабліва важна наведваць такія знакавыя аб’екты маладому пакаленню, і школьныя канікулы — хіба не самы зручны час, каб паказаць сваім дзецям памятныя месцы нашай Радзімы?..

Аўтар: Данііл Хмяльніцкі
Звязда, 22 сакавіка 2025
 
Дата публикации:22.03.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:140
 
Ключевые слова:
Историческая правда Хатынь Геноцид белорусского народа Великая Отечественная война Нацизм
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме