https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лагойскі раён — месца партызанскай славы


На Лагойшчыне дзейнічала шмат партызанскіх атрадаў, брыгад. Здаецца, Лагойскі раён больш за ўсё пацярпеў у гады ваеннага ліхалецця.
Ваенныя падзеі, якія адбываліся паблізу мясцовасці, дзе я нарадзіўся, пакінулі глыбокі след у маёй памяці. У 70-я гады яшчэ жыло даволі шмат аднавяскоўцаў, хто на сабе адчуў усе жахі вайны.

Нехта з маіх землякоў змагаўся ў партызанскіх атрадах, ваяваў на фронце, а камусьці давялося жыць і выжываць пры акупацыйнай уладзе. Бывала, у нашай хаце вечарамі збіраліся суседзі, і тады пачыналіся развярэджваючыя сэрца ўспаміны, якія пакідалі свой глыбокі след, нараджалі самыя розныя пачуцці і адчуванні — ад шчыра спачувальных, суперажывальных да невыказна абуральных, гнеўных, пратэстуючых. У маёй памяці і цяпер жывуць тыя ўражлівыя, страшныя карціны, жывыя, эмацыянальна прачулыя і асобасна перажытыя эпізоды, пра якія распавядалі сведкі ваенных падзей, мае землякі. І сёння часам проста здзіўляешся, як можна было ўсё гэта вынесці, пераадолець тыя жудасныя выпрабаванні і, нягледзячы на перажытае, застацца людзьмі, не страціць веру ў лепшае, у чалавечнае, святлалюбнае.

Я так блізка да сэрца прымаў гэтыя расповеды яшчэ і з той прычыны, што, як аказалася, пры абароне Масквы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінуў мой родны дзядзька Волах Дзмітрый Антонавіч. Ён быў прызваны ў Чырвоную Армію вясною 1941 года, служыў у г. п. Кара-Курган (Узбекістан). У лісце да сваёй маці (маёй бабулі) ён пісаў, што яго пасылаюць вучыцца на кароткатэрміновыя курсы па падрыхтоўцы малодшых камандзіраў (Міця меў 7 класаў адукацыі), пасля заканчэння якіх разам з іншымі курсантамі быў адпраўлены на абарону Масквы. Аб гэтым ён пісаў у лісце да сваёй роднай цёткі, якая ў той час жыла ў Краснаярскім краі. Цяжка меркаваць, дзе ён мог загінуць.

Цяпер ведаем мы і пра бітву пад Вязьмай, у якой браў удзел Рэзервны фронт, сфармаваны ў тым ліку і з сярэднеазіяцкіх фармаванняў. Гэта магла быць і Мажайская лінія абароны, у якой бралі ўдзел апалчэнцы і курсанты ваенных вучылішчаў. А яшчэ была і страшная бітва пад Ржэвам. Шкада, што пакуль не давялося адшукаць хоць нейкія дакументы, што пралілі б святло на абставіны гібелі майго дзядзькі, які, як засведчана ў кнізе «Памяць», быў узнагароджаны медалём «За адвагу». 

Дзядзька з вайны так і не вярнуўся — ён прапаў без вестак. Бабуля доўга не магла змірыцца са стратай сына, распытвала пра яго аднавяскоўцаў, хто ваяваў на фронце. Усё дарэмна. Намаганні родных і блізкіх адшукаць загінулага таксама аказаліся безвыніковымі. А яшчэ мяне глыбока ўразіў той факт, што бабуля прасіла паказаць, у якім баку знаходзіцца Масква. Яна кожную раніцу выходзіла за вёску на ўзыходзе сонца і слёзна малілася, гледзячы на ўсход, просячы ў Бога, каб сын вярнуўся з вайны.

Менавіта гэты ўразлівы эпізод і склаў змястоўную фактуру майго верша «Матчына малітва», які стаў песняй. Яе выконвае ансамбль «Песняры». 

Мая вёска пад назвай Траянец знаходзілася, можна сказаць, у эпіцэнтры партызанскага руху: за гады акупацыі яна перажыла дзве буйныя карныя аперацыі нацыстаў, часткова была спалена самалётамі з паветра, а ўсе яе жыхары ледзь не загінулі ў вогненнай душагубцы. Пра гэты страшны эпізод часу вайны распавядала мне мая мама. Яе, старэйшую сястру Ніну, іх маці Антаніну (маю бабулю), а таксама іншых жыхароў в. Траянец і в. Пятроліна немцы загналі ў калгасную пуню. Мама запомніла, як галасіла Раманішка, калі немцы зачынілі вароты і абклалі сцены пуні сухой саломай. Паміж камянямі, на якіх ляжалі ніжнія вянцы, была пустая прастора, і ў гэты праём бабуля падштурхнула сваіх малалетніх дачок, сказаўшы ім, каб яны беглі ў лес.

Немцы іх не заўважылі, і яны як мага хутчэй пабеглі па лясной дарозе ў бок Заполля. Але нечакана, ужо калі яны дабеглі да лесу, дарогу ім перагарадзіў таўсматы немец, скамандаваўшы ім: «Хальт, цурук!». Мама яшчэ памятала, што рукавы ў яго былі закатаны па локаць. Ён іх пагнаў перад сабой назад да той пуні, у якой усё яшчэ чуліся страшныя крыкі, і штурхнуў унутр будыніны. На шчасце, немцы, дзякуючы перакладчыку Рудкоўскаму (гэтае прозвішча называла мне мама), не адважыліся спаліць людзей і, нарэшце, адпусцілі іх па хатах. 

Хутчэй за ўсё, Рудкоўскі быў звязаны з партызанамі. Пасля, як сведчыў мне краязнаўца і даследчык гісторыі спаленых вёсак Лагойскага раёна Аляксандр Паўлюковіч, па даносе здрадніка Рудкоўскі быў расстраляны карнікамі. Падобную гісторыю выратавання мне распавядаў і мой зямляк, пісьменнік Сяргей Давідовіч, які паходзіць з вёскі Карпілаўка. Там падчас вайны паўтарылася такая ж гісторыя. Нягледзячы ні на што, гэты невядомы герой заслугоўвае самых высокіх слоў падзякі і ўшанавання. 

Але трагедыя ў той дзень усё роўна адбылася. Немцы знеслі ў хату старой Валашыхі нямоглых людзей і спалілі. У ёй згарэлі ў полымі Анеля Мядзвецкая і Сабалеўская (імя не ўдалося ўстанавіць), яшчэ некалькі старэчых жанчын і мужчын. Іх косці пасля сабралі і закапалі на вясковых могілках у адной магіле.

Якое нямецкае падраздзяленне пабывала ў Карпілаўцы і Траянцы — невядома. У маі 1943 года ў карнай аперацыі ўдзельнічаў сумна вядомы 118-ы паліцэйскі батальён «Шуцманшафт», асаблівы батальён Дзірлевангера, які не ведаў жалю да мірных жыхароў, а таксама 2-і паліцэйскі полк СС. Цалкам верагодна, гэта быў 2-і паліцэйскі полк (да яго мог быць прыкамандзіраваны і згаданы раней перакладчык). 

Маю вёску, як сведчаць відавочцы, бамбілі нямецкія самалёты. З іх слоў, яны кідалі запальныя бомбы. У народзе іх называлі «шашкамі». Дахі хат былі крыты трэскамі. Таму шмат іх пагарэла — не было каму тушыць. Людзі хаваліся ў лесе, хтосьці сядзеў у зямлянцы, якая была выкапана пад старым дубам у садзе сям’і Матусевічаў. У адзін з такіх налётаў, калі самалёты паляцелі папоўніць запасы бомбаў, бабуля пабегла ў сваю хату, каб узяць нейкую правізію. Але няўзнак самалёты зноў з’явіліся. Ледзь яна адбегла ад сваёй хаты, як у тую трапіла бомба. Узнік пажар, ад якога хата згарэла дашчэнту. Мама распавядала, што яны сядзелі ў зямлянцы і няўцешна і горка плакалі, таму што іх маці доўга не прыходзіла. Людзі ўжо пагаворвалі, што яна загінула. Але бабуля засталася жыць. І якое гэта было шчасце, калі яна вярнулася ў зямлянку! Мама распавяда¬ла пра гэта са слязамі на вачах, і я мог толькі здагадвацца, што ёй, 5-гадоваму дзіцяці, давялося перажыць падчас гэтага чакання. 

У час гэтых страшных блакад немцы набіралі працаздольных людзей на прымусовую работу ў Германію, у шэрагі падобных гастарбайтараў трапілі дзве мае цёткі і іх брат, мой бацька, якому на той час было 13 гадоў. Бацька неяк распавядаў, што ў яго гаспадыні быў сын, які часта назаляў, правакаваў. У адной з такіх сутычак бацька добра агрэў яго па твары. Пасля збаяўся і ўцёк, недзе схаваўся. Дзякуй Богу, усё неяк абышлося. Але той забіяка, як казаў бацька, ужо пабойваўся свайго пастаяльца і трымаўся на дыстанцыі. 

Лагойскі раён — агульнапрызнанае месца партызанскай славы. Тут дзейнічала шмат партызанскіх атрадаў, брыгад. Здаецца, ён больш за ўсё пацярпеў у гады ваеннага ліхалецця. Для ўшанавання памяці загінулых і спаленых маіх землякоў было вырашана ўстанавіць памятны знак, які б нагадваў пра страшную трагедыю, пра генацыд.

Памятны знак усталявалі ў цэнтры Акцябрскага сельсавета — там, дзе ёсць школа, жывуць маладыя сем’і, неабыякавыя людзі. Ідэю гэтую ўдалося ўвасобіць сумеснымі намаганнямі. Неўзабаве быў адшуканы прыродны валун, які ўстанавілі каля вясковай царквы. На камені ўмацавалі мемарыяльную дошку, на якой была нанесена схема спаленых вёсак гэтага рэгіёна. Схема складзена на аснове даваеннай карты, бо частка вёсак у вайну знікла з твару зямлі пасля карных аперацый. На ёй цалкам зафарбаваныя кружкі пазначаюць спаленыя і не ўзноўленыя вёскі: Новае Заполле, Савіна, Трысцень і Урупава, а зафарбаваныя напалову — гэта спаленыя часткова і адноўленыя пасля вайны вёскі: Дунаі, Траянец, Глыбачаны, Пасадзец, Рэпішча, Палосы, Зарэчча, Кацялі, Селішча. Тэкст на мемарыяльнай дошцы належыць мне, ён гучыць так: «Перад светлай памяццю // спаленых і забітых нашых землякоў // схілім нізка галовы ў скрусе і жальбе. // Хай жа песні і мары, // што ў агні спалымнелі, // у нашых помнячых сэрцах // давеку жывуць». 

Школьнікі прыходзяць сюды, каб ускласці да памятнага знака кветкі. Для свяшчэннай памяці няма тэрміну даўнасці. Яна павінна жыць вечна. У нашых розумах, у нашых сэрцах. Прыемна, што маладое пакаленне, якое засвойвае ўрокі мужнасці, імкнецца даведацца, якой цаной заваявана іх шчасце, якой крывёю аплачана іх сённяшняе жыццё. Дакументальнымі і неабвержнымі фактамі з’яўляюцца ўспаміны людзей, што перажылі страшнае ваеннае ліхалецце. Яны пераканаўча сведчаць аб тым, якое гора, боль і неймаверныя пакуты нясе вайна, як яна знішчае ўсё жывое, калечыць людскія лёсы, пралівае людскую кроў, плодзіць гвалт, катаванні, здзекі, сіроцтва, сее смерць. Як важна ўсім нам памятаць пра гэта і рабіць усё для таго, каб гэта ніколі не паўтарылася на нашай шматпакутнай зямлі.

Валеры Максімовіч
Звязда, 17 траўня 2025
 
Дата публикации:17.05.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:47
 
Ключевые слова:
Лагойск Великая Отечественная война Партизаны Нацизм Геноцид белорусского народа
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме