https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Фестываль «Вытокі» пройдзе ў Паставах 5-7 чэрвеня


Яркае беларускае лета пачынаецца маштабным фестывалем «Вытокі».
Сёлета спартыўна-культурнае свята 5–7 чэрвеня прыме адзін з самых найпрыгажэйшых гарадоў Віцебшчыны — Паставы.

«Трохдзённая праграма фестывалю абяцае быць вельмі насычанай. Гэта знаёмства з гісторыяй, кухняй і турыстычным патэнцыялам краю. Для юных удзельнікаў пройдуць ужо ўпадабаныя спартыўныя мерапрыемствы. На алімпійскім квэсце іх чакаюць цікавыя заданні і добрыя падарункі, — адзначыў Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка. — Абавязкова прыходзьце і прыязджайце сем’ямі, з сябрамі 5-га, 6-га і 7 чэрвеня ў Паставы. Будзем вельмі рады падарыць кожнаму добры настрой, зарад спартыўнай энергіі і бадзёрасці на ўсё лета».

Арганізатары падрыхтавалі вялікую праграму, у якой абавязкова знойдзецца занятак кожнаму. Тым, хто цікавіцца краязнаўствам, варта далучыцца да турыстычнай акцыі «Вандруй. Адчуй. Натхняйся» (яна будзе праходзіць усе тры дні). У рамках акцыі прадугледжана бясплатнае наведванне аб’ектаў, якія раскрыюць турыстычны патэнцыял раёна.

Аматарам мастацтва ў першы дзень фестывалю, 5 чэрвеня, варта наведаць Мастацкі інтэрактыў «стАРТ» ад галерэі «АртХаос», які адбудзецца на тэрыторыі новага скейт-ролер парку (16.30). Прафесійныя мастакі і ўсе ахвотныя разам аформяць пляцоўку новага шматпрофільнага комплексу для катання і заняткаў спортам. Беларуская кухня — гэта таксама мастацтва. Праект «Ежа з сэнсам», прэзентацыя якога адбудзецца ўвечары 5 чэрвеня (18.30), раскрые яе адценні. Першы дзень фестывалю завершыцца на гарадскім стадыёне вячэрнім паказам пад адкрытым небам фільма «Чэмпіён свету» аб захапляльным супрацьстаянні вялікіх шахматыстаў (20.00).

6 чэрвеня праграма фестывалю пачнецца на стадыёне сярэдняй школы № 1. Там пройдуць майстар-класы для дзяцей па розных відах спорту з удзелам знакамітых беларускіх спартсменаў. У 15.00 у скейт-ролер парку стартуе спартыўна-гістарычны квэст, які аб’яднае фізічную і разумовую актыўнасці. А ў 18.00 на стадыёне фізкультурна-спартыўнага комплексу адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю. Падчас яе таксама будзе адкрыты сучасны скейт-ролер парк з варкаўт-пляцоўкай — падарунак Паставам ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Вячэрняя праграма другога дня працягнецца тэатральнай пастаноўкай «Модны вадэвіль» ад ТЮГ і канцэртам.

Ключавой падзеяй трэцяга дня фестывалю стане ўжо традыцыйны «Алімпійскі квэст». Старт — у 13.00 на гарадскім стадыёне ФСК. Да ўдзелу запрашаюцца дзеці да 14 гадоў, якія змогуць праверыць свае сілы на 26 пляцоўках у 32 відах спорту. Удзельнікі паспрабуюць патрэніравацца на вяслярных трэнажорах, з дапамогай віртуальнай рэальнасці пракаціцца на велатрэку, выканаць прыёмы каратэ, дзюдо, барацьбы, а таксама прадэманстраваць сваё валоданне гімнастычнымі прадметамі. Дапамагаць юным атлетам у гэтым будуць кваліфікаваныя трэнеры і знакамітыя спартсмены. Тыя, хто прыкладзе максімум намаганняў, атрымаюць каштоўныя падарункі, сярод якіх — смарт-гадзіннік, музычная калонка, паўэрбанк.

Новай цікавай лакацыяй стане сумесны праект РНПЦ спорту і НАК Беларусі «У пошуках зорак: талент у кожным дзіцяці!». З выкарыстаннем спецыяльнага абсталявання хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць прайсці комплекснае дыягнастычнае тэставанне для выяўлення схільнасці да таго ці іншага віду спорту. А пакуль дзеці будуць адкрываць для сябе свет спорту, дарослыя змогуць наведаць канцэрты, модныя паказы і разнастайныя гандлёвыя пляцоўкі. Вячэрні канцэрт (20.00, стадыён ФСК) з удзелам зорак беларускай эстрады дазволіць пачуць найлепшыя песні нашых выканаўцаў.

Больш падрабязную праграму фестывалю «Вытокі» ў Паставах можна паглядзець на сайце Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 4 чэрвеня 2025
 
Дата публикации:04.06.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:111
 
Ключевые слова:
Вытокі Фэст культуры Паставы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме