https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чым парадуе фестываль «Маладзечна-2025»?


Завяршаецца падрыхтоўка да XXІV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2025».
Найбуйнейшы музычны форум нашай краіны пройдзе 13 і 14 чэрвеня, аднак мерапрыемствы ў горадзе стартуюць ужо 10-га. Па традыцыі асноўныя падзеі — Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю — пройдуць на галоўных сцэнічных пляцоўках Маладзечна.

Акрамя гэтага запланавана яшчэ шмат цікавага.

Як расказала начальніца галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Кацярына Усава, увогуле адбудзецца больш за 70 мерапрыемстваў: «Праграма вельмі насычаная. Я думаю, госці любых узроставых катэгорый і інтарэсаў змогуць знайсці ў рамках фестывалю шмат цікавага. Асноўнае — гэта ўрачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю. Абедзве падзеі пройдуць у Летнім амфітэатры. Таксама з галоўных мерапрыемстваў — Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні. Мэта ўсяго фестывалю — падтрымка нашай таленавітай моладзі не проста ў эстрадным фармаце, а з пункту гледжання папулярызацыі беларускай музычнай творчасці».

Па словах спікера, ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны прайшлі адборачныя туры конкурсу, у якіх паўдзельнічала звыш 145 чалавек. У фінальных мерапрыемствах для ўдзелу адабраны 20 выканаўцаў. Цяпер праходзяць сумесныя рэпетыцыі з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам імя М.Я.Фінберга: «Менавіта гэтым калектывам праводзіцца вялікая работа з нашымі канкурсантамі. Вельмі ганарова і адказна адну з конкурсных песень выканаць у суправаджэнні славутага музычнага калектыву», — адзначыла Кацярына Валер’еўна.

Цырымоніі адкрыцця і закрыцця сёлета стануць вялікімі канцэртамі-прысвячэннямі выдатным беларускім музыкантам. На адкрыцці фестывалю ўспомняць вядомага беларускага кампазітара Алега Елісеенкава, чый творчы шлях і жыццё былі непарыўна звязаны з Маладзечна. Закрыццё форуму пройдзе ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча і стане прысвячэннем Уладзіміру Мулявіну. Дарэчы, у наступным годзе будзе святкавацца юбілей славутага песняра. У рамках цырымоніі закрыцця адбудзецца і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу.

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька паведаміла, што сёлета таксама адбудзецца фінал XІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок-2025»: «Упершыню нашы юныя таленты таксама выступяць з аркестрам імя Міхаіла Фінберга».

На гэтым цікавосткі не заканчваюцца. Па вуліцы Прытыцкага ў цэнтры горада разгорнецца вялікі «Горад майстроў», дзе будзе шырока прадстаўлены культурны патэнцыял захавання народных традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рамеснікаў Мінскай вобласці. Гасцей фестывалю як з іншых рэгіёнаў, так і з Расіі чакаюць унікальныя сувеніры, што ствараюць таленавітыя майстры Маладзечанскага краю.

Свае праекты на фестывалі рыхтуюцца прадставіць і творчыя саюзы краіны — Саюз пісьменнікаў Беларусі і Беларускі саюз кампазітараў. Адбудзецца прэзентацыя міжнароднага кніжнага праекта «Победили! Перамаглі!», прысвечанага 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Кніга ўяўляе сабой зборнік паэзіі, прозы і публіцыстыкі 72 аўтараў з Беларусі і Расіі. Як справядліва зазначыў намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Рагнед Малахоўскі, без якаснай паэзіі не будзе якаснай песні. Ён таксама дадаў, што ў фестывалі возьме ўдзел больш за 30 членаў саюза.

Беларускі саюз кампазітараў у сваю чаргу ўжо трэці раз парадуе меламанаў канцэртам майстроў мастацтваў «Музыка беларускіх кампазітараў — пакаленню XXІ стагоддзя», які адбудзецца 14 чэрвеня. Па словах старшыні Саюза кампазітараў Алены Атрашкевіч, публіка пачуе творы акадэмічнай харавой музыкі духоўнай накіраванасці Алега Хадоскі, Дзмітрыя Далгалёва, Аліны Безенсон, Ігара Лучанка, Ганны Казловай. Адбудзецца прэм’ера твора «Дальва» кампазітара Леаніда Захлеўнага.

«У 2021 годзе гэты праект падтрыманы грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дастаткова паспяхова быў рэалізаваны ў розных пунктах Беларусі і знайшоў свайго адданага гледача, — дадала старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч. — Залы заўсёды запоўненыя. Увага да яго каласальная. Мы рады, што побач з песеннай музыкай на фестывалі гучыць і харавая, якую выконваюць маладыя калектывы».

Знакавай стала навіна, што ў 2027 годзе горад Маладзечна аб’яўлены культурнай сталіцай СНД. Гэта накладзе свой адбітак на правядзенне юбілейнага фестывалю ў Маладзечне і ў будучыні, у 2026 годзе.

Аўтар: Яна Валасач
Звязда, 4 чэрвеня 2025
 
Дата публикации:04.06.2025
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:20
 
Ключевые слова:
Маладзечна Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме