https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Біт на гармоніку. Першы форум гарманістаў Беларусі сабраў лепшых з усіх абласцей


Гармонік, без перабольшвання, — усё яшчэ цэнтр прыцягнення. Гэта пацвердзіў Першы адкрыты музычны форум гарманістаў Беларусі, зладжаны Беларускім фондам культуры сумесна з Палацам культуры Мінскага трактарнага завода.
Пасля веснавога дажджу салоўка так апантана разносіць па наваколлі свае трэлі, што, здаецца, няма гуку больш прыемнага і непераўзыдзенага. Ды ёсць не менш залівісты гарэза. Яго любяць трымаць у руках адданыя прыхільнікі жывой песні. Дакраніся да круглых клавіш — і народзіцца гучанне душы пакаленняў, тых, хто ўтрапёна шукае гармонію, хто песціць слых нотамі гаючага інструментальнага мастацтва, хто ведае слодыч музыкі. 

«Розум памыляецца, пачуцці — ніколі», — казаў нямецкі кампазітар

Роберт Шуман. Бясспрэчна. Нездарма варта прыслухоўвацца да сэрца. Самым каштоўным у чалавеку прадстаўнікі сферы мастацтва лічаць здольнасць адчуваць прыгажосць і спачуваць. Музыка тут — найлепшы настаўнік, а музычны інструмент — чулы дарадца. Вось чаму жыццё гармоніка ў сучаснасці працягваецца, больш за тое, віруе. І новаствораная Асацыяцыя гарманістаў мае на мэце гэта развіваць. У тым ліку з дапамогай конкурсу, які правялі ў межах форуму.

— Наша задача — прыцягнуць увагу да гарманістаў, — адзначыў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. — У сувязі з сітуацыяй, якая цяпер складваецца, — гарманістаў з кожным годам меншае, ёсць праблемы з музычнымі інструментамі, не заўсёды гэтых музыкантаў запрашаюць на вялікія сцэны, — мы стварылі Асацыяцыю гарманістаў Беларусі, якая будзе займацца каардынацыяй, папулярызацыяй дзейнасці музыкантаў.

Конкурс прадэманстраваў творчае гарэнне, патэнцыял гарманістаў. Удзел узяло каля 30 чалавек з усіх абласцей Беларусі. Але арганізатары спадзяюцца, што гарызонты форуму будуць пашырацца, бо кожны, хто стала займаецца музычнай творчасцю, рады паказаць сябе сталічнай аўдыторыі.

Гледачы атрымалі магчымасць сустрэцца з багатым і прыгожым народным мастацтвам нашай краіны, у цэнтры якога — традыцыйны любімы інструмент гармонік. Без яго даўней не абыходзілася ні адно вяселле, гулянка ў вёсцы, вечарынка ў горадзе, заўважыў Тадэвуш Стружэцкі: «Вельмі важна, што гармонік жыве і сёння карыстаецца папулярнасцю як сярод выканаўцаў, так і гледачоў. Многім сённяшнім удзельнікам ужо за 70 і за 80 гадоў, а гэта значыць, што з гармонікам яны ўсё жыццё».

Ды не адстаюць і маладыя. Узорны ансамбль гарманістаў «Аношкаўскія музыкі» Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Нясвіжскага раёна, лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, завёў залу, падарыўшы сапраўдны біт на гармоніку. І хто скажа, што гармонік несучасны? Здаецца, клавіш два рады — а пачуццяў хоць гаць гаці. «Аношкаўскія музыкі», як многія іншыя гарманісты гала-канцэрта, паднялі залу — слухачы пусціліся ў скокі. Нядзіўна: цяжка стрымацца ад імпэту маладых хлопцаў у белых ботах з гармонікамі, якія рэжуць завадныя найгрышы, танцуюць і проста бяруць у палон абаяннем. Думаецца, сучаснае аблічча гармоніка — гэта «Аношкаўскія музыкі».

Віртуозна нараджалі пасажы Міхаіл Папруга з Беразіно, Уладзімір Шакуцёў з Гарадка, Пётр Андрусевіч з Пінска, Аляксандр Мурзін з Наваполацка, Ігар Пісчыкаў з Мінска, Барыс Харэвіч з Маладзечна, Алена Марчук з Кобрына і іншыя. Хтосьці з гармонікам стаяў, хтосьці сядзеў, хтосьці прытанцоўваў, але ніхто не выпускаў яго з рук. Як любімае дзіця, як незаменны атрыбут свята і цудоўнага настрою. Што яшчэ аб’ядноўвала гарманістаў, дык гэта ўсмешка. У прыватнасці, Сцяпан Сахарчук з Асіповіч безупынна азараў ёй залу, што стала сімвалам душэўнасці. Пераканана, усмешка і гармонік непадзельныя. Як і гарманіст і жыццялюбства. Прыклад — госць форуму Мікалай Казаў, самародак, які ўвайшоў у залатую дзясятку гарманістаў Расіі. Пераадолеў тысячы кіламетраў, каб пабачыцца з аднадумцамі. А іх тут, акрамя прыязных калег — удзельнікаў форуму, цэлая зала. Было відаць, як варушыліся іх вусны — падпявалі пад акампанемент самародка. Арыгінальнае выступленне атрымалася ў трыа Уладзіміра Ганчарова, Алены Мялешкі і Дар’і Несцярэнкі, дзе гармонік пасябраваў са скрыпкай і бубнам.

Каларытны перфоманс на сцэне Палаца МТЗ разгарнуў заслужаны аматарскі калектыў «Дударыкі» пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Дзмітрыя Ровенскага. «Дударыкі» дораць сваё адмысловае мастацтва вось ужо 52 гады, і гармонік у іх лёсе вызначальны.

Яскравым фінальным акордам гала-канцэрта пераможцаў конкурсу гарманістаў стала выступленне айчыннага баяніста з сусветным імем, уладальніка Кубка свету сярод баяністаў, лаўрэата ашаламляльнай колькасці міжнародных конкурсаў, а цяпер саліста Беларускай дзяржаўнай філармоніі, старшыні журы Уладзіслава Плігаўкі. Яго «Рокжарт» на баяне стаў ноу-хау і своеасаблівым творчым майстар-класам.

— Нашы народныя інструменты гармонік, баян — самыя блізкія чалавеку. Іх нездарма называюць народнымі, а жартам яшчэ — самымі боскімі, бо яны бязбожна дорага каштуюць, — адзначыў Уладзіслаў Плігаўка. — Пачатак справе пакладзены. Упэўнены, што гэты форум будзе развівацца, папаўняцца новымі талентамі, якіх у нашай краіне шмат. Іх трэба паказваць і даваць дарогу ў жыццё.

— Нам, арганізатарам, хацелася б, каб Першы форум гарманістаў даў пачатак доўгаму шляху па падтрымцы і развіцці беларускага народнага мастацтва, — выказаў надзею Тадэвуш Стружэцкі.

...Салоўка кожны год прылятае радаваць адметнымі спевамі — і можна ісці ў сады. Прагрэс пастаянна імкнецца наперад — і цяжка адарвацца ад навінак. Але публіка збіраецца ў Палацы культуры МТЗ. Поўную залу захапляе залівісты гарэза ў руках апантаных музыкантаў. Яго тэмбр светлы, гук цёплы. Яму ўласцівы яркасць і моц гучання. Ён дэманструе індывідуальнасць: то мяккі і пявучы, то шалёны і эксцэнтрычны... Яго гаспадары-гарманісты сёння ўжо не заўсёды ў брылях, але заўсёды з адкрытай душой. Думаецца, яны і надалей будуць дарыць цеплыню пачуццяў дзякуючы намаганням Асацыяцыі гарманістаў. І тады, можа, двухрадка перасягне па папулярнасці гаджэты?

Аўтар: Наталля Святлова
Звязда, 28 траўня 2022
 
Дата публикации:28.05.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:767
 
Ключевые слова:
МТЗ Фэст культуры Форум гармонистов Музыка Народное творчество
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме