Як адзначыла лідар піянерскага руху на Гомельшчыне Аксана Сіраж, у шэрагах піянераў у паўднёва-ўсходнім рэгіёне аб’яднаны каля 81 тысячы дзяцей. Гэта больш за 75% дзяцей-жыхароў Гомельшчыны ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў.
— У нас ёсць маса напрамкаў для раскрыцця талентаў. Наперадзе яшчэ шмат новых адкрыццяў, добрых спраў, перамог, бо мы гадуем і натхняем лідараў, — падкрэсліла старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БРПА.
Павіншаваў са знамянальнай датай піянераў усіх пакаленняў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі.
— Сучаснікі павінны ўкараняць перадавыя ідэі, бо для іх развіцця створаны ўсе ўмовы. Моладзь — гэта сіла, якая аб’ядноўвае мінулае, сучаснасць і будучыню, — адзначыў Дзяніс Язерскі і падкрэсліў, што піянерскі саюз стаў выдатнай школай для мільёнаў хлапчукоў і дзяўчынак, верным памагатым дзяржавы ў выхаванні пакаленняў.
Ад імя пакалення, якое пранесла піянерскі гальштук праз усё жыццё, піянераў Гомельшчыны прывітала ветэран руху — старэйшая піянерважатая, якая ўзначальвала піянерскую дружыну адной са школ Гомеля, Людміла Хаярава:
— У нас быў гальштук чырвонага колеру. Цяпер піянерскі гальштук у колерах дзяржаўнага сцяга. Гэта сімвал стойкасці і мужнасці нашага народа. Мы ведаем нямала прыкладаў добрых спраў і подзвігаў, якія яны здзяйснялі і ў ваеннае ліхалецце. Няхай над вамі свеціць яркае сонца дабра, шчасця і міру, няхай кожны дзень будзе асветлены добрымі справамі.
У абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі прайшла цырымонія ўзнагароджання педагогаў і піянераў-лідараў абласной арганізацыі БРПА. З нагоды святочных мерапрыемстваў у Гомелі разгарнуўся квартал дзяцінства. Усе ахвотныя змаглі акунуцца ў атмасферу школьнай піянерскай рамантыкі: памаляваць крэйдай на асфальце, прайсці квэст, паскакаць у класікі, праз скакалку, гумку, згуляць у настольныя гульні.
Наталля Капрыленка
Звязда, 17 траўня 2022
Звязда, 17 траўня 2022