https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Да 140-годдзя песняра


У Вязынцы завяршаюцца рамонтныя работы на будынках філіяла музея Я.Купалы.
У Вязынцы, на радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, завяршаецца рамонтна-рэстаўрацыйная замена дахаў будынкаў філіяла дзяржаўнага літаратурнага музея яго імя.

Падчас святкавання 140-годдзя з дня нараджэння нашага слыннага песняра хата, у якой нарадзіўся Іван Луцэвіч, і свіран будуць ужо пад новымі — гонтавымі — дахамі.

Брыгада спецыялістаў дзяржаўнага прадпрыемства «Белрэстаўрацыя» намагаецца як мага хутчэй скончыць запланаваныя работы, якія распачаліся мінулай восенню і працягнуліся ранняй вясной.

Самыя цяжкія і працаёмкія работы ўжо пройдзены, засталося пакласці лічаныя метры гонтаў і пакрыць іх грунтовым прамочваннем, каб надзейна і даўгавечна засцерагчы драўляную страху.

Апошні акорд на знакавым аб`екце робіць калектыў спецыялістаў Мірскага ўчастка на чале з майстрам Андрэем Канановічам. Гэтым разам тут працуюць Сяргей Шаўко і два Анатолі — Сергіеня і Старцаў — адказныя, старанныя работнікі, якія працуюць натхнёна, «з агеньчыкам». Спадзяюся, іх працоўны настрой і атмасферу вясновай Вязынкі перададуць гэтыя фатаграфіі.

— Нам была пастаўлена задача дэманціраваць старую гонту. Акрамя таго, на свірне мянялі сістэму крокваў, паколькі яна была ўжо з аварыйным ухілам, выраўноўвалі франтоны, прыбівалі новыя латы, каб асінавая трохслойная гонта трымалася надзейна і доўга, — распавядае Андрэй Канановіч.

А яшчэ кіраўнік брыгады зрабіў для мяне цікавы статыстычны экскурс: амаль чатырыста квадратных метраў складае плошча двух дахаў. Толькі на адну музейную хату пайшло шаснаццаць тысяч дошчачак. А на дах свірна гонты пойдзе ажно васямнаццаць з паловай тысяч штук. Каб пагрунтаваць два дахі, спатрэбіцца амаль сто літраў адмысловага, колеру арэху, сродку.

Нягледзячы на неадкладны рамонт даху, у музеі кожны дзень праводзяцца экскурсіі — прыязджаюць і групы, і асобныя наведвальнікі. На музейнай тэрыторыі ўжо прайшла санітарная выпілоўка старых небяспечных дрэў, падрэзка і пабелка Купалавага саду. Добраўпарадкаванне берагоў рэчкі Вязынкі і сажалкі, высаджванне кветак, забеспячэнне парадку і чысціні — штодзённы клопат работнікаў музея.

Аўтар: Анатоль Кляшчук
Звязда, 17 траўня 2022
 
Дата публикации:17.05.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:787
 
Ключевые слова:
Янка Купала Музеи Беларуси Реставрация Вязынка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме