Вялікі юбілейны канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, ансамбля народнай музыкі «Бяседа» адбудзецца 27-га сакавіка ў канцэртнай зале «Мінск».
Святочны канцэрт прымеркаваны да 30-годдзя стварэння калектыву і 75-годдзя мастацкага кіраўніка ансамбля народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага.
У гэты вечар на сцэне прагучаць беларускія народныя песні розных жанраў. Гэта лірычныя і жартоўныя, прысвечаныя сямейным урачыстасцям, народным абрадам кампазіцыі. «Гэтыя песні — неад’емная частка духоўнага жыцця беларускага народа. «За маладых», «Маруся», «Запрагай-ка, бацька, коней», «Звіняць звонкі», «Чарка на пасашок» шырока вядомыя не толькі ў нас у краіне, але і за яе межамі«, — падкрэслілі ў Міністэрстве.
Мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву ансамбля народнай музыкі «Бяседа» — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, народны артыст Беларусі кампазітар Леанід Захлеўны.