Раніцай 22 сакавіка, 79 гадоў таму, нямецкія карнікі зажыва спалілі 149 жыхароў маленькай беларускай вёскі Хатынь. Яе імя стала ва ўсім свеце сімвалам зверстваў фашыстаў у Другой сусветнай вайне. Суддзя Ваеннага трыбунала Беларускай вайсковай акругі, палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы Віктар Глазкоў вынес смяротны прысуд аднаму з катаў Хатыні — Рыгору Васюры.
Васюру абралі невыпадкова
У мінулым Васюра быў афіцэрам РККА, які, патрапіўшы ў палон, перайшоў на службу да немцаў. Ён служыў у 118-м паліцэйскім батальёне, створаным пад Кіевам улетку 1942 года. Менавіта гэты батальён спаліў беларускую вёску Хатынь. І хоць карная аперацыя была занесена ў актыў асобага батальёна СС Дзірлевангер, уся брудная праца была праведзена рукамі здраднікаў — пра гэта распавялі на шумным працэсе ў 1986 годзе шматлікія сведкі.
"Пазней на судзе ўсе карнікі пакажуць, што загады аб расправе аддаваў Васюра", — успамінае палкоўнік Глазкоў.
Рыгор Васюра быў начальнікам штаба 118-га паліцэйскага батальёна. Як і ўсе астатнія карнікі, яго батальён падпарадкоўваўся нямецкаму кіраўніцтву, якое і планавала ўсе аперацыі. Немцы невыпадкова выбралі былога савецкага афіцэра-здрадніка кіраваць штабам.
"Ён быў вельмі жорсткі. Патрабавальны як камандзір у адносінах да парушальнікаў дысцыпліны", — успамінае Віктар Глазкоў.
Былыя саўдзельнікі і падначаленыя Васюры распавядалі на судзе, што, калі двое паліцыянтаў прыйшлі п`янымі ў падраздзяленне ў Плешчаніцах, ён збіў іх. Аднаму з іх выбіў зубы, а паколькі было шмат крыві, то прымусіў зубной шчоткай выціраць падлогу.
У 118-м паліцэйскім батальёне была свая контрразведка. Васюра старанна сачыў за працай гэтага фармавання. Любыя выказванні аб намерах сысці ў партызаны ён жорстка караў і расстрэльваў сваіх падначаленых.
Віктар Глазкоў распавёў, што яго вельмі здзівіла, што калі на працэсе дапытвалі карнікаў, а іх было 26 чалавек, то большасць з іх заявілі, што так яны зараблялі.
"Для многіх гэта быў хлеб. Такім чынам яны выжывалі, пасылалі грошы сваім сваякам. Гэта здзівіла мяне", — адзначыў суддзя.
Трагічная выпадковасць і Вёльке
Група партызан, якая складалася з яўрэяў, разбурыла лінію сувязі недалёка ад Хатыні. Па заплянаваным імі плане яны павінны былі расстраляць рамонтнікаў, якія прыбудуць устараняць паломку. Але па збегу абставін у гэты час на станцыю ехаў гауптман Ганс Вёльке. Яго суправаджала машына салдат. А Вёльке быў алімпійскім чэмпіёнам па кіданні ядра і любімцам Гітлера. Таму да яго было асаблівае стаўленне ў войсках. Іх і абстралялі з засады партызаны.
"Яны не ведалі, што гэта Вёльке. Нямецкі афіцэр у форме. Ён ужо ехаў у адпачынак у Берлін", — распавёў Віктар Глазкоў.
Неўзабаве на месца расстрэлу прыбыў 118-ы паліцэйскі батальён і батальён СС Дзірлевангера. Па слядах партызан на снезе карнікі выйшлі на Хатынь.
"Выпадкова вінаватай стала Хатынь. Літасці тады не было нікому", — адзначыў былы суддзя.
Вёска была акружаная падвойным кольцам. Хатынь прачэсвалі да цэнтра і зганялі ўсіх жыхароў у хлеў. У той дзень загінула ў агні і было застрэлена 149 жыхароў вёскі, вялікая частка з якіх — дзеці.
Кулямётчык і пчаляр з Канады
Судовы працэс над катамі Хатыні стаў апошняй гучнай справай аб злачынствах здраднікаў. Па прыгаворы ваеннага трыбунала БВА, які пакінуў у сіле Вярхоўны суд Васюра быў расстраляны.
Але ў некаторых катаў Хатыні ўсё-ткі атрымалася пазбегнуць пакарання.
З кулямёта па мірных беларускіх сялянах страляў паліцэйскі Уладзімір Катрук. Пасля вайны яму ўдалося схавацца ў Канадзе. Літаральна некалькі гадоў таму яго пазбавілі грамадзянства, яго, чалавека старэй 90 за гадоў, гатовыя былі выдаць, але ён памёр раней.
"У прынцыпе, яго можна было дэпартаваць і ў Беларусь. Гэта быў бы не менш гучны працэс — судзіць кулямётчыка з Хатыні", — лічыць Віктар Глазкоў.
Пачынаючы з 1986 года, пасля працэсу над Рыгорам Васюрам, следчыя Беларускай ваеннай акругі спрабавалі дастаць Катрука.
Матэрыялы допытаў іншых карнікаў і доказы былі прадстаўленыя і падрыхтаваныя ў выглядзе ноты канадскаму ўраду.
Матэрыялы допытаў іншых карнікаў і доказы былі прадстаўленыя і падрыхтаваныя ў выглядзе ноты канадскаму ўраду.
"Было вядома, дзе ён. Спакойна пчалярствам займаецца на пенсіі", — сказаў палкоўнік юстыцыі ў адстаўцы.
У адказе на запыт аб выдачы ваеннага злачынцы Катрука было сказана, што такі на тэрыторыі Канады не пражывае. Такім чынам, беларускія следчыя атрымалі ветлівую адмову, а Катрук працягнуў жыць у Канадзе.
Пасля гучнага працэсу ў канцы 80-х ўкраінская дыяспара ў Канадзе разгарнула спрэчку па ўсіх эпізодах справы. Яны сталі выносіць гэта на старонкі прэсы і спрачацца з прысудам.
"Гэта закранула пачуцці шведскага журналіста, які быў супраць гэтага. Ён верыў трыбуналу і ўладам Беларусі", — адзначыў Віктар Глазкоў.
Пасля журналіст патэлефанаваў суддзі і прыехаў у Беларусь. Высветлілася, што Катрук быў ганаровым грамадзянінам горада Эдмантана.
Затым на старонках друку ў Канадзе і Швецыі журналіст напісаў, што працэс над Васюрам не меў палітычнай афарбоўкі, не ставіў перад сабою мэту сутыкнуць украінскі і беларускі народы. Гэта быў суд над здраднікам радзімы.
Дзякуючы яму і ўдалося вывесці на чыстую ваду Катрука, раскрылі яго сутнасць, кім ён быў у гады вайны. Яго пазбавілі грамадзянства краіны, але не дэпартавалі — стары спакойна дажыў да 94 гадоў.
Прызнанняў і шкадаванняў не было
У ходзе ўсяго судовага працэсу па справе аб расправе над мірнымі жыхарамі Хатыні Рыгор Васюра так і не прызнаў сваёй віны.
"Ён юліў і выкручваўся, сцвярджаў, што яго там не было. А падчас карнай акцыі ён знаходзіўся ў адпачынку ў Прыбалтыцы, ездзіў туды да жонкі", — успамінае суддзя.
Перад гэтым праходзіў суд над паліцыянтам Мялешка, які на судзе прама сказаў, што камандаваў аперацыяй па знішчэнні хатынцаў Васюра. Менавіта ён аддаваў загады аб расстрэле мірных беларусаў, і ён жа загадаў сагнаць усіх у хлеў. Усе сведкі давалі паказанні на Васюру.
"Ён быў рослы чалавек. Шыя такая магутная. Ведаючы яго такі характар, паліцыянты яго баяліся і беспярэчна выконвалі ўсе абавязкі", — дадаў Віктар Глазкоў.
Пачуўшы прысуд аб вышэйшай меры пакарання, Васюра павёў сябе спакойна. Сказаў, што яшчэ "пазмагаемся за жыццё".
Прысуд ваеннага трыбунала БВА ў дачыненні Васюры быў прыведзены ў выкананне. Кат Хатыні быў расстраляны, яго безназоўная магіла знаходзіцца непадалёк ад брацкай магілы яго ахвяр — у лагойскіх лясах.
А спаленая карнікамі разам з жыхарамі — ад немаўлят да старых — беларуская Хатынь і сёння званіць сваімі званамі па ўсіх нявінных ахвярах вайны.
Sputnik, 22 сакавіка 2022