«Гэта дзень, які аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. Таму што гэта не толькі Дзень памяці ахвяр Хатыні, гэта Дзень памяці ахвяр усіх спаленых вёсак. Гэта дзень памяці ўсіх ахвяр — нявінна забітых старых, дзяцей, жанчын, якіх нямецка-фашысцкая ваенная машына знішчыла, іх памагатыя, калабаранты», — распавёў Уладзімір Пярцоў.
Па словах міністра, Хатынь з’яўляецца знакавым месцам для кожнага беларуса. «Нас, людзей, якія старэйшыя, сюды прывозілі яшчэ школьнікамі, піянерамі на экскурсіі. І мы ў сябе ўвабралі гэтую гісторыю, гэтую трагедыю. Мы можам расказаць гэта сваімі вуснамі нашым дзецям. І, самае галоўнае, дзеля чаго ў нас у краіне аб’яўлены Год гістарычнай памяці? Каб гэтую самую гістарычную памяць, гэтую самую гістарычную праўду захаваць і перадаць тым, хто будзе пасля нас. Нам пашанцавала. Мы пачулі гэта ад нашых бацькоў, дзядоў і хтосьці ад прадзедаў. А тым, хто маладзейшы за нас, на жаль, даводзіцца гэта пазнаваць з мастацкіх твораў, гульняў, літаратурных твораў, якія не заўсёды нясуць гістарычную праўду. У нашых сілах — і журналістаў, і пісьменнікаў, і ўсіх творчых людзей – зрабіць так, каб нашы дзеці, нашы ўнукі даведаліся гістарычную праўду аб тым генацыдзе беларускага народа, аб тым знішчэнні беларускага народа, якое было ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — канстатаваў ён.
Звязда, 22 сакавіка 2022