Не уцішны боль
У Год гістарычнай памяці, пасля ўступлення ў сілу Закона «Аб генацыдзе беларускага народа» і ўстанаўлення Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа (22 чэрвеня) значэнне такой маштабнай работы органаў пракуратуры цяжка пераацаніць. Супрацоўнікі ведамства ставяць для сябе задачу не толькі аднавіць гістарычную праўду аб падзеях тых часоў, але і не дапусціць фальсіфікацыі фактаў і вынікаў Другой сусветнай вайны.
На Гомельшчыне з 1941-га да 1943-га было поўнасцю альбо часткова знішчана звыш 1470 вёсак. Частка населеных пунктаў так і не аднавілася. На тэрыторыі рэгіёна за гады нямецка-фашысцкай акупацыі было расстраляна, павешана і спалена больш за 90 тысяч мірных грамадзян. Для зняволення людзей арганізавана амаль 90 месцаў прымусовага ўтрымання.
Мы не маем права забыць тое, што адбылося, перакананы пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў:
— У гісторыі нашага народа падзеі ваеннага часу па-ранейшаму займаюць важнае месца. Да сёння адкрываюцца новыя даныя аб трагедыях тых гадоў, зверствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у дачыненні да мірнага насельніцтва. Летась, калі Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, ужо першыя раскопкі на тэрыторыі вобласці адкрылі жудасныя сведчанні выпадкаў масавага знішчэння мірных жыхароў.
Падчас раскопак на тэрыторыі Гомельскага раёна было знойдзена шмат бытавых рэчаў, якія сведчаць аб расстрэлах менавіта мірных грамадзян. Знойдзены кулі і гільзы, якія, як устаноўлена балістычнай экспертызай, выпушчаны з нямецкай зброі. Частка артэфактаў перададзена пракуратурай у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і музей Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
«Бывайце, людзі...»
Дзякуючы падтрымцы абласной пракуратуры на Гомельшчыне нарадзіўся ўнікальны выставачны праект «Бывайце, людзі...». У экспазіцыі прадстаўлены не толькі рэчы тых, хто загінуў ад рук акупантаў і іх памагатых, але і ўспаміны сведкаў і пацярпелых, паказанні карнікаў. Можна ўбачыць аэрафотаздымкі нацысцкай разведкі, зробленыя за дзень да ўзяцця нямецкай арміяй Гомеля, а таксама кадры з раскопак масавых пахаванняў. Сярод экспанатаў — арыгінальны здымак працэсу пакарання мірных жыхароў у Гомелі, зроблены нямецкім фотааматарам. Ёсць і рэчы з раскопак у межах следства ў Чонкаўскім лесе ў 2021 годзе. Экспазіцыя «Бывайце, людзі...» аб`едзе музеі ўсіх раённых цэнтраў Гомельшчыны.
Новыя факты
Асабліва цэнныя экспанаты, знойдзеныя ў месцах масавых пахаванняў, супрацоўнікі Гомельскай абласной і раённай пракуратуры перадалі некалькім гісторыка-краязнаўчым музеям Гомельскага раёна. Экспазіцыю гісторыка-краязнаўчага музея Красненскай сярэдняй школы папоўнілі арыгіналы аэрафотаздымкаў нямецкай ваеннай разведкай лета 1941 года.
Напачатку вайны вёска Краснае і яе наваколле сталі месцам масавай расправы гітлераўцаў над мірнымі жыхарамі і ваеннапалоннымі канцлагера Дулаг-121. Доўгі час вяліся пошукі вялізнай брацкай магілы на тэрыторыі населенага пункта. Але толькі два гады таму ўдалося ўстанавіць дакладныя каардынаты супрацьтанкавага рову, дзе і праводзілі расстрэлы людзей. Устанавілі месца распраў дзякуючы копіі аэрафотаздымка, зробленага нямецкай разведкай летам 1941-га. Фота захоўвалася ў архіве ў ЗША.
— Сёння падчас крымінальнага працэсу адкрываюцца новыя факты і фіксіруюцца сведчанні відавочцаў тых падзей, а таксама нашчадкаў, чые блізкія сталі ахвярамі нацыстаў. Пасля іх дбайнага даследавання будуць устаноўлены і іншыя месцы масавай гібелі мірных савецкіх грамадзян, — упэўнены Віктар Марозаў.
Стэнд з дакументамі і фатаграфіямі, якія распавядаюць аб выяўленні месца масавага расстрэлу мірных жыхароў у Чонкаўскім лесе і правядзенні раскопак, супрацоўнікі абласной і раённай пракуратуры перадалі Чонкаўскай базавай школе.
— Пошукавыя работы, якія праводзіліся летась на тэрыторыі Чонкаўскага лясніцтва, выявілі найбуйнейшае на Гомельшчыне пахаванне астанкаў ахвяр нацысцкіх злачынстваў. Прычым усе факты сведчаць, што ў лясным масіве былі расстраляны менавіта мірныя грамадзяне — жанчыны і састарэлыя людзі, — звяртае ўвагу пракурор.
На дадзены момант работнікамі пракуратуры па справе аб генацыдзе апытана звыш 2690 чалавек: з іх 1692 — былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў. Устаноўлена 132 раней невядомыя месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
На тэрыторыі Гомельскага раёна гэта не толькі тэрыторыя ў Чонкаўскім лясніцтве, але і пахаванні каля пасёлка Красны Багатыр, вёскі Паддабранка, участкі, прылеглыя да былых перасыльных лагераў у Прыбытках і Кантакузаўцы.
— Сёння знаходзіцца нямала жадаючых сказіць старонкі ваеннай гісторыі. Нагадаю хоць бы пра настойлівае імкненне некаторых інтэрнэт-рэсурсаў прыпісаць расстраляных на тэрыторыі Чонкаўскага лясніцтва да ахвяр сталінскіх рэпрэсій. У той жа час як усё сведчыць аб тым, што людзі загінулі ад рук фашысцкіх акупантаў, — падкрэслівае суразмоўнік. — Таму Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» асабліва актуальны. Ён закліканы не дапусціць скажэння гістарычнай праўды і вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, захаваць памяць як аб гераічных, так і аб трагічных старонках гісторыі.
«Гэта трэба жывым»
Унікальныя экспанаты для папаўнення тэматычных экспазіцый Рэчыцкаму краязнаўчаму музею асабіста перадаў пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў. Перададзены рэдкія карты Рэчыцы і Рэчыцкага раёна 1938 года, а таксама артэфакты, якія сведчаць аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя і многія іншыя каштоўныя музейныя матэрыялы былі выяўлены дзякуючы актыўнаму ўзаемадзеянню пракуратуры і дзяржаўнага архіва грамадскіх аб`яднанняў Гомельскай вобласці.
З базы звестак наконт спаленых вёсак Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчанай на сайце нацыянальнага архіва, можна даведацца, што толькі на тэрыторыі Рэчыцкага раёна фашысты і іх памагатыя спалілі 68 населеных пунктаў. Работнікі пракуратуры вобласці і супрацоўнікі архіваў выявілі чатыры ўнікальныя карты рэчыцкай мясцовасці, алічбавалі іх, а на адну з картаў нанеслі ўсе спаленыя вёскі раёна.
— Папаўненне дзеючых экспазіцый музеяў падобнымі каштоўнымі экспанатамі і стварэнне новых выстаў даюць магчымасць больш глыбока азнаёміцца з фактамі і доказамі генацыду беларускага народа ў гады вайны. Гэта, безумоўна, дапамагае грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, захаванню гістарычнай памяці аб тых страшных падзеях, — упэўнены Віктар Марозаў.
Пракурор вобласці адзначыў, што ў экспазіцыю Рэчыцкага краязнаўчага музея перададзены і матэрыялы, сабраныя для праекта пракуратуры Гомельскай вобласці і газеты «Гомельская праўда» — «Генацыд не мае тэрміну даўнасці» — аб жудасных старонках ваеннай гісторыі Рэчыцкага раёна. У буклеце прадстаўлены ў тым ліку ўласныя даследчыя артыкулы пракурора Гомельскай вобласці. Віктар Мікалаевіч сам — ураджэнец Рэчыцкага раёна, выпускнік Салтанаўскай сярэдняй школы 1977 года.
— Апублікаваны і цыкл новых матэрыялаў аб жудаснай трагедыі 1943 года, калі разам з жыхарамі была знішчана вёска Кабылева Рэчыцкага раёна (цяпер Першамайск). У межах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пракуратурай вобласці былі даследаваны архіўныя матэрыялы аб трагедыі гэтага населенага пункта. Старонкі іх пажаўцелі за 78 гадоў, але не страцілі свайго гістарычнага значэння. На жаль, сёння аб ёй многія нічога не ведаюць. Значыцца Кабылёва далёка не ва ўсіх спісах спаленых вёсак Беларусі, — адзначае Віктар Марозаў.
У буклеце, перададзеным пракурорам вобласці ў Рэчыцкі краязнаўчы музей, прадстаўлены дакладныя цытаты паказанняў відавочцаў, якія цудам засталіся жывымі падчас карнай аперацыі ў Кабылёве.
— Вядома, што большасць людзей згарэла зажыва. Усяго немцы 14 мая 1943 года расстралялі і спалілі 1050 чалавек. Выратаваліся толькі дзесяць. Сярод знішчаных у Кабылёве: каля 300 мужчын, столькі ж жанчын, больш за 400 дзяцей. Памяць аб выпаленай зямлі, дзе загінула столькі невінаватых людзей, — упэўнены Віктар Мікалаевіч, — павінна жыць і надалей.
З архіўных матэрыялаў вядома таксама, што ў лістападзе 1943 года, калі Чырвоная Армія вызваліла цэнтр воласці, вёску Маканавічы Васілевіцкага раёна, — пачаўся пошук паплечнікаў фашыстаў. Значную дапамогу следству аказалі партызаны атрада «Мсціўца» Рэчыцкага злучэння. Былі затрыманы былы бургамістр воласці і стараста вёскі Кабылёва. Памагатыя акупантаў не прызнаваліся ва ўдзеле ў расстрэлах і спальванні зажыва мірных жыхароў, але знайшліся сведкі іх злачынстваў.
Налета з дня малавядомай трагедыі спаленай вёскі споўніцца 80 гадоў. Сёння разглядаецца магчымасць правядзення рэканструкцыі існуючага мемарыяла ахвярам фашызму ў вёсцы Першамайск (раней Кабылёва) Рэчыцкага раёна і стварэння маршруту памяці.
Аўтар: Наталля Капрыленка
Звязда, 24 сакавіка 2022
Звязда, 24 сакавіка 2022