https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Уладзімір Андрэйчанка: Мы разам пішам гісторыю беларускай дзяржаўнасці


Старшыня Палаты прадстаўнікоў — аб асаблівасцях апошняга рэферэндуму, базавых каштоўнасцях нацыянальнай мадэлі развіцця і двайных стандартах.
15 сакавіка 1994 года была прынята дзеючая Канстытуцыя Беларусі. З 1998 года гэты дзень мае статус дзяржаўнага свята. Сімвалічна, што вельміхутка — таксама 15 сакавіка — уступаюць у сілу змяненні і дапаўненні да Асноўнага Закона краіны, падтрыманыя большасцю галасоў на рэспубліканскім рэферэндуме, які адбыўся ў канцы лютага. Напярэдадні Дня Канстытуцыі гутарым са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Андрэйчанкам.

— Уладзімір Паўлавіч, што асабіста для Вас азначае Дзень Канстытуцыі?

— Для мяне гэта ўрачыстасць беларускай дзяржаўнасці і народаўладдзя, юрыдычна замацаваная ў якасці свята. Яго сутнасць — у даніне павагі памяці шматлікіх пакаленняў беларусаў, якія ў розныя гістарычныя перыяды фарміравалі асновы нацыянальнай самасвядомасці, адлюстраваныя сёння ў Канстытуцыі краіны.

— Заканатворчасць — дынамічны працэс. У гісторыі суверэннай Беларусі адбыліся чатыры рэферэндумы, у межах якіх уносіліся змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон дзяржавы. У чым асаблівасць апошняга?

— Жыццё не стаіць на месцы. Змяняецца навакольны свет, удасканальваюцца тэхналогіі, развіваецца грамадства, што патрабуе адаптацыі заканадаўства да сучасных рэалій. Права правядзення рэферэндуму «для вырашэння найважнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця» замацавана ў Канстытуцыі нашай краіны. Беларуская ўлада традыцыйна выкарыстоўвае гэты вечавы механізм для ўліку меркавання народа, карэкціроўкі дзяржаўнага курсу і выпрацоўкі рашэнняў, якія закранаюць інтарэсы грамадзян і грамадства.

У дачыненні да лютаўскага рэферэндуму варта казаць аб цэлым шэрагу асаблівасцяў. Па-першае, гэта сукупнасць негатыўных знешніх фактараў, сярод якіх і спроба дзяржаўнага перавароту ў Рэспубліцы Казахстан, і задзейнічанне сіл АДКБ для нармалізацыі абстаноўкі, і рэалізацыя мяжуючых са злачынствам «дэмакратычных» метадаў пераадолення міграцыйнага крызісу нашымі еўрапейскімі суседзямі, і небывалы санкцыйны ціск на Беларусь, і чарговая хваля COVІD, і масавыя пратэсты супраць звязаных з гэтым абмежаванняў, і нагнятанне абстаноўкі паблізу нашых граніц, і спецыяльная аперацыя па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны. Па-другое, гэта глыбокая прапрацоўка праекта абноўленай Канстытуцыі і эфектыўная інфармацыйная кампанія па тлумачэнні сутнасці змен, якія ўносяцца ў Асноўны Закон. Па-трэцяе, сапраўды ўсенароднае абмеркаванне прапанаваных змен, актыўная пазіцыя беларускага грамадства, усебаковая ацэнка новых палажэнняў і рэальны дыялог дзяржавы і народа. Дастаткова адзначыць, што ў рамках абмеркавання праекта Канстытуцыі было пададзена каля дзевяці тысяч прапаноў па яго змесце.

— Вы неаднаразова казалі аб сацыяльнай накіраванасці беларускай палітыкі. Як гэты тэзіс знайшоў адлюстраванне ў абноўленай Канстытуцыі?

— Сацыяльная справядлівасць і клопат аб людзях — базавыя каштоўнасці нацыянальнай мадэлі дзяржаўнасці на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. Гэта чарговы раз падкрэсліў Прэзідэнт краіны ў штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў студзені 2022 года. Справядлівасць, адказнасць, клопат — простыя і зразумелыя прынцыпы беларускай палітыкі, у адпаведнасці з якімі выбудоўваюцца ўзаемаадносіны народа і ўлады, рэалізоўваюцца сацыяльныя меры і гарантыі. Мы паслядоўна будуем дзяржаву для народа, адаптуючы ўласнае заканадаўства да сучасных умоў. З Канстытуцыі не выдалена ні адна норма, якая датычыцца сацыяльных гарантый: бясплатныя адукацыя, ахова здароўя, пенсіённае забеспячэнне, падтрымка ўразлівых катэгорый насельніцтва, фінансавае стымуляванне нараджальнасці. Дадаткова замацоўваецца палажэнне аб тым, што «дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства». Прынцыпы, агучаныя кіраўніком дзяржавы, паслядоўна рэалізоўваюцца ў практыцы на карысць усіх беларусаў, чарговы раз пацвярджаючы: словы ўлады не разыходзяцца са справамі, што зусім забыта ў краінах «заходняй дэмакратыі».

— Адным з найважнейшых элементаў сацыяльнага блоку з`яўляецца здароўе нацыі. Што ў гэтым кірунку плануецца дадаткова зрабіць?

— Сёння Беларусь уваходзіць у 50 найлепшых краін па паказчыках эфектыўнасці нацыянальнай сістэмы аховы здароўя, апярэджваючы ЗША, а таксама знаходзіцца ў лідарах па камфорце ўмоў для мацярынства. Штогод у краіне адкрываюцца новыя і мадэрнізуюцца лячэбныя ўстановы. Дзеючая Канстытуцыя гарантуе ўсім беларускім грамадзянам права на ахову здароўя. Разам з тым гэта норма дапоўнена палажэннем «уключаючы бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам», якое канкрэтызуе адказнасць улады. Вопыт барацьбы з пандэміяй COVІD-19 з`явіўся асновай для замацавання ў Канстытуцыі палажэння аб тым, што «грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя», паколькі безадказныя паводзіны асобнага чалавека ствараюць пагрозу для навакольных, перакрэсліваючы намаганні ўсяго грамадства.

— Разам з тым «адукаваная» Еўропа чарговы раз не прызнала вынікі беларускага рэферэндуму па Канстытуцыі і абвінаваціла Беларусь у адсутнасці дэмакратыі...

— Гэта вынік двайных стандартаў заходняй палітыкі і крызісу міжнародных дэмакратычных інстытутаў. Чарговы раз успамінаецца грыбаедаўскае: «А суддзі хто?». Нацыянальны эгаізм, грэбаванне інтарэсамі сваіх партнёраў і нават саюзнікаў, эгацэнтрызм, зневажанне міжнародных нормаў — неад`емныя элементы палітыкі вядучых сусветных гульцоў. Паводле даследаванняў Школы кіравання імя Дж. Кенэдзі Гарвардскага ўніверсітэта, толькі 7 % маладых амерыканцаў лічаць ЗША «здаровай дэмакратыяй». Разам з тым «прасоўванне дэмакратыі» — гэта галоўная ідэя Захаду, які сёння адчувае найглыбейшы сістэмны крызіс, звязаны з фарміраваннем шматпалярнага светаўладкавання. Адпаведна, рэферэндумы (выбары) у нашай краіне, якая праводзіць самастойную палітыку, ніколі не будуць прызнаныя ні Амерыкай, ні Еўропай. Ім не патрэбная суверэнная і незалежная Беларусь, а неабходная марыянеткавая дзяржава, якая ўваходзіць у «санітарны кардон» на граніцы з Расіяй.

Мы, беларусы, жывём і будзем жыць па законах, ухваленых нашым народам, выбудоўваць сяброўскія адносіны з усімі, хто да гэтага імкнецца, самастойна фарміраваць дзяржаўную палітыку, кіруючыся прынцыпам павагі інтарэсаў іншых краін. Што да палажэнняў унутранай і знешняй палітыкі, то беларускі народ можа выпрацоўваць і ўдакладняць іх без старонняй дапамогі, аб чым сведчаць вынікі галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме 2022 года. Больш за 82 % грамадзян, якія прынялі ў ім удзел, выбралі шлях далейшага эвалюцыйнага развіцця, прапанаваны Прэзідэнтам, падтрымалі існуючую ўладу і адобрылі крокі па рэалізацыі намечаных планаў. Дэмакратыя — гэта ўлада народа, а рэферэндум — універсальны інструмент рэалізацыі грамадзянскага права на ўдзел у кіраванні дзяржавай. 27 лютага беларускі народ зрабіў свой выбар. Якой будзе Беларусь заўтра, залежыць ад кожнага з нас! Ужо сёння, нягледзячы на знешні ціск, грунтуючыся на палажэнні абноўленай Канстытуцыі, мы разам пішам гісторыю нашай дзяржаўнасці, абараняючы гістарычную памяць, прытрымліваючыся духоўных каштоўнасцяў, ствараючы краіну для годнага жыцця, якое перададзім сваім дзецям і ўнукам.

Звязда, 10 сакавіка 2022
 
Дата публикации:10.03.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:106
 
Ключевые слова:
Конституция Референдум Права человека Соцзащита в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме