Ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэны, медалі і падзякі Прэзідэнта пракурорскім работнікам. У прыватнасці, ордэна "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўдастоены генеральны пракурор Андрэй Швед, ордэна Пашаны - пракурор Гродна Уладзімір Клішын.
Сённяшнюю падзею Прэзідэнт назваў без перабольшання знакавай і сімвалічнай у гісторыі пракуратуры. "Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны мы ўручаем дзяржаўныя ўзнагароды і сцяг пракуратуры людзям, на плячах якіх ляжыць адказнасць за ажыццяўленне бяспекі, законнасці і правапарадку ў нашай дзяржаве", - сказаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што не выпадкова для правядзення ўрачыстай цырымоніі была выбрана Зала Перамогі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - сімвала беларускай дзяржаўнасці. "Тут усё нагадвае аб тым, якой цаной мы захавалі сябе як народ, сваё права жыць на гэтай зямлі і адбудоўваць нашу дзяржаву, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Знаходзячыся ў гэтым храме смутку па мільёнах ахвяр і гордасці за пакаленне пераможцаў, я задаюся толькі адным пытаннем. Няўжо пройдзены вопыт так нічому людзей і не навучыў?"
"Здавался б, памяць аб тых страшных, параўнальна нядаўніх падзеях зусім свежая. Бо сведкі зверстваў фашыстаў яшчэ сярод нас. І яна, гэта ўсенародная памяць, павінна была б астудзіць запал асобных палітыкаў і дзеячаў. Але што мы бачым? Колькасць і маштабы выклікаў і пагроз не змяншаюцца. У выніку міжнацыянальных і ўнутрынацыянальных войнаў прадаўжаюць гінуць людзі, прытым масава гінуць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што сучасныя рэваншысты правакуюць новыя канфлікты. "І каб апраўдаць сябе, з усіх сіл спрабуюць перапісаць гісторыю і забраць Перамогу савецкага народа, а наследнікаў народа-пераможцы, гэта значыць нас з вамі, назваць агрэсарамі", - дадаў ён.
"Гэтага дапусціць мы не можам", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён запэўніў, што пачатае Генеральнай пракуратурай расследаванне фактаў генацыду і ўстанаўленне канкрэтных асоб, якім удалося пазбегнуць пакарання за забойства мірнага насельніцтва, будуць даведзены да канца. "Гэта пытанне гістарычнай справядлівасці і нашага абавязку перад памяццю больш як 3 млн чалавек, якія сталі ахвярамі нацызму", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Са шкадаваннем Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля праведзенага расследавання Генеральнай пракуратуры колькасць загінулых, закатаваных у час вайны людзей павялічыцца. Бо толькі ў 2021 годзе ў Беларусі ўстанавілі каля 300 месцаў пахаванняў. "Усе вынікі праведзенай работы прадставім сусветнай супольнасці (зразумела, калі да гэтага часу гэта сусветная супольнасць будзе існаваць і захоча даведацца і пачуць гэтыя факты). Яны стануць напамінам аб тым, што так узмоцнена спрабуюць забыць сучасныя паслядоўнікі фашызму", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, беларусы павінны помніць, што не адно дзесяцігоддзе спатрэбілася для аднаўлення даваеннай колькасці насельніцтва рэспублікі. "Дзякуючы неймаверным намаганням і працы беларускага народа наша краіна здабыла сваё непаўторнае сучаснае аблічча", - сказаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сваёй настойлівасцю і прынцыповасцю пры абароне правоў грамадзян, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў, сумленнасцю і патрыятызмам яны заваявалі немалы аўтарытэт.
"У гэтым годзе пракуратура Беларусі адзначыць векавы юбілей. І няхай сцяг як асаблівая рэліквія нагадвае нам аб свяшчэнным абавязку кожнага грамадзяніна - служыць сваёй Айчыне", - заявіў беларускі лідар.
"У гэтым годзе пракуратура Беларусі адзначыць векавы юбілей. І няхай сцяг як асаблівая рэліквія нагадвае нам аб свяшчэнным абавязку кожнага грамадзяніна - служыць сваёй Айчыне", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прысутных з уручэннем дзяржаўных узнагарод і сцяга пракуратуры, пажадаўшы ім здароўя і дабрабыту, прафесійных поспехаў на карысць роднай краіны і, самае галоўнае, мірнага неба над галавой: "Нам трэба зрабіць усё, каб наша краіна, якая зведала такое гора зусім нядаўна, заставалася мірнай, незалежнай краінай і каб на нашай зямлі жылі толькі мірныя людзі".
У сваю чаргу Генеральны пракурор Андрэй Швед выказаў Прэзідэнту вялікую ўдзячнасць за высокі гонар, які кіраўнік дзяржавы аказаў, уручыўшы сцяг пракуратуры: "Мы абавязуемся шанаваць і берагчы перададзеную нам святыню як сімвал даверу дзяржавы пракурорскай дзейнасці. Запэўніваю вас, што пракурорскія работнікі і ў далейшым будуць на самым высокім узроўні выконваць пастаўленыя задачы".
З нагоды памятнай падзеі Андрэй Швед уручыў Аляксандру Лукашэнку нагрудны знак узнагароды "За заслугі" і памятны сувенір - эмблему органаў пракуратуры.
21 лютага 2022, Мінск
БЕЛТА
З нагоды памятнай падзеі Андрэй Швед уручыў Аляксандру Лукашэнку нагрудны знак узнагароды "За заслугі" і памятны сувенір - эмблему органаў пракуратуры.
21 лютага 2022, Мінск
БЕЛТА