Нацыянальная бібліятэка Беларусі запрашае да супрацоўніцтва спецыялістаў у галіне бібліятэчнай справы і інфармацыйных тэхналогій, выкладчыкаў, аспірантаў і магістрантаў, кіраўнікоў органаў кіравання культуры для стварэння навуковага зборніка «Бібліятэчны веснік»,
"Бібліятэчны веснік" прыцягвае ўвагу да пытанняў захавання і вывучэння сусветнай культурнай спадчыны, праблем функцыянавання бібліятэк на сучасным гістарычным этапе, пошуку перспектыўных шляхоў развіцця, пашырэння міжкультурнага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва паміж установамі культуры, адукацыі, навукі, — распавялі ва ўстанове.
Зборнік артыкулаў з’яўляецца навуковым выданнем, якое рэцэнзуецца і ўключана ў Пералік навуковых выданняў Беларусі для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагагічных, гістарычных навуках і культуралогіі. Тут будуць разгледжаны праблемы заканадаўчай, нарматыўнай і рэгламентуючай баз бібліятэчнай практыкі, фарміравання інфармацыйных рэсурсаў і асаблівасцяў захавання фондаў, арганізацыі інфармацыйна-бібліятэчнага і сацыякультурнага абслугоўвання карыстальнікаў, правядзення і каардынацыі навуковых даследаванняў.
На старонках навуковага выдання будуць прадстаўлены матэрыялы беларускіх і замежных аўтараў, карысныя спецыялістам у галіне бібліятэчнай справы, інфармацыйных тэхналогій, гісторыі, культуралогіі.
Звязда, 13 лютага 2022