«Выцінанка з’явілася ў Беларусі ў 16-м стагоддзі, але найбольшага росквіту дасягнула ў 19-м. З простай белай паперы беларусы выразалі карункавыя фіранкі на вокны, а з чорнай або фіялетавай — складаныя карціны, якія прыгожа глядзеліся на фоне пабеленай печы або сцяны. Мастацтва выразання карцін з паперы сёння захоўваюць і развіваюць народныя майстры. У музеі мы перыядычна арганізоўваем іх выставы. Цяпер паказваем жыхарам і гасцям горада 26 унікальных работ народнага майстра Беларусі па выцінанцы Лізаветы Червонцавай», — расказала Марыя Мячкоўская.
Стылістыка прадстаўленых прац шматстайная. На ажурных каляровых карцінах перададзены вобразы роднага краю, сямейныя і біблейскія матывы, адлюстраваны моманты беларускіх свят, а таксама міфічныя сюжэты. Так, некаторыя выцінанкі прысвечаны гаёўкам, якія, на думку нашых продкаў, жывуць у лясах і гаях. На зіму яны пакрываюцца снежна-белай поўсцю, якая вясной сама па сабе адпадае. Менавіта да іх звяртаюцца па дапамогу ўсе жывёлы і птушкі. На выставе таксама прадстаўлены сучасны погляд на традыцыйнае мастацтва — спалучэнне выцінанак з фатаграфіямі.
Работы майстрыхі можна ацаніць у музеі да 17 лютага.
Звязда, 29 студзеня 2022