https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Птушак-мігрантаў назіраюць на зімоўцы ў Белавежскай пушчы


У Белавежскай пушчы дагэтуль застаюцца на зімоўцы многія птушкі-мігранты, паведамляецца на сайце Нацыянальнага парку.
«У навуковы аддзел раз-пораз прыходзяць паведамленні аб нестандартных для дадзенай пары года сустрэчах з птушкамі», — адзначаюць спецыялісты.

Цёплая зіма — чарговы падарунак птушкам. Адсутнасць снежнага покрыва і перавага станоўчых тэмператур шматлікім прадстаўнікам арнітафаўны дазволілі перагледзець планы па адлёце ў вырай.

Многія паведамленні сведчаць аб тым, што на незамерзлых вадаёмах рэгіструюцца прадстаўнікі гусепадобных. Так, навала качак адзначана на рацэ Лясная каля вёскі Голы Барок Камянецкага раёна — у розныя дні адначасова там збіраюцца сотні крыжанак. На шэрагу водных аб’ектаў адзначаюцца зграйкі тых жа крыжанак, групы і асобныя пары лебедзяў-шыпуноў, шэрыя чаплі-адзіночкі.

Каля вёскі Вугляны 4 студзеня адзначаны шэры гусь, а 15 студзеня — 4 гусака-гуменніка. Да гэтага часу ў раёне зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная, торфапляцоўкі «Шышова» трымаецца група лебедзяў-клікуноў. І, нарэшце, 16 студзеня ў ваколіцах в. Чапялі Пружанскага раёна адзначана парачка шэрых жураўлёў.

Супрацоўнікі навуковага аддзела пакуль не могуць даць адказ, што будзе з зімой далей, як адрэагуюць птушкі на зменлівыя ўмовы надвор’я. Тым не менш, яны канстатуюць факты зімоўкі водна-балотных відаў птушак на тэрыторыі Белавежскай пушчы. «Можа быць, не такія ўжо яны і мігранты?»,- задаюцца пытаннем у Белавежскай пушчы.

Звязда, 20 студзеня 2022
 
Дата публикации:20.01.2022
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:778
 
Ключевые слова:
Охрана природы Перелётные птицы Белавежская Пушча
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме