Якія падзеі адбыліся 15 студзеня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 15 студзеня
У 1919 годзе Марк Шагал заснаваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.
У 1926 годзе ў Вільні выйшаў першы нумар беларускага ілюстраванага сатырычнага часопіса "Маланка".
У 1926 годзе польскімі ўладамі была забаронена Беларуская сялянска-работніцкая грамада.
У 1976 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю Вілейска-Мінская водная сістэма.
У 1991 годзе ў Мінску быў заснаваны Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй.
У 1994 годзе Біл Клінтан наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.
У 2001 годзе Джымі Вэйлз і Лары Сэнгер стварылі Вікіпедыю.
Хто нарадзіўся 15 студзеня
1742 год: Францішак Нарвойш, прафесар вышэйшай матэматыкі ў Віленскім універсітэце.
1908 год: Заір Азгур, беларускі скульптар.
1936 год: Янка Сіпакоў, беларускі пісьменнік, перакладчык.
Таксама сёння нарадзіліся расійскі матэматык, першая ў свеце жанчына-прафесар Соф`я Кавалеўская і лідар барацьбы за грамадзянскія правы афраамерыканцаў Марцін Лютэр Кінг.
15 студзеня ў народным календары
Сёння праваслаўная царква шануе памяць свяціцеля Сільвестра, які, па паданні, змог далучыць да хрысціянства імператара Канстанціна.
На Сільвестра вяскоўцы асабліва даглядалі куратнікі. Каб куры добра несліся, у куратніку вешалі каменьчык з дзіркай пасярэдзіне.
Па свойскай птушке таксама вызначалі надвор`е. Калі пеўні рана запелі – будзе адліга. Куры рана заснулі – наадварот, будзе мароз.
Жанчыны ў гэты дзень варажылі на цыбулі. 12 цыбулін пасыпалі соллю і пакідалі на ноч на стале. Колькі намокла да раніцы, столькі будзе і дажджыстых месяцаў.
Sputnik, 15 студзеня 2022